31 января 1942
Иван Мележ
Стомленыя, дабраліся да сяла Чырвоны Ліман. Хочацца ў першую ж хату заваліць. Хтосьці жартуе: «Гэта хата незайздросная, але затое варэнікамі пахне, i ў ёй паліцца». Кухня пайшла наперад, мы не снедалі, а час ужо абедаць. Добра б зараз пагрэцца i паесці! Утрох уваходзім у хату. Усе разыходзяцца па два, па тры. Уваходзім з надзеяй... Аднак памаўчым аб ёй. Паліцца пліта — пагрэемся. Але паесці... У таварышаў плітка канцэнтрату — адна на траіх, у кішэні ні сухарыка. Што ж, хоць гэтым падсілкуемся. Гаспадыня скардзіцца на цяжкае становішча, а мы разуваемся, пасушыць анучы. Бот зняў, а ануча не вылазіць, прымерзла, прамокла. Гаспадыня бядуе над намі, а я стараюся прыкрыць ногі шкарпэткамі. ногі мае ўжо даўно патрабуюць лазні. Прыхоўваю бялізну. Бянтэжуся. Таварыш, смеючыся, гаворыць пра тое, з якім задавальненнем ён памыў учора галаву. Хто не быў у акопах, не валяўся месяцамі ў гразі, той не зразумее мяне...
Сёрбаем гарохавы суп. Гаспадыня моўчкі глядзіць. «Чаму без сухароў?» Мы маўчым. Яна частуе сухарамі. Потым расказвае: «Учоpa былі ў мяне два начальнікі. Бялізна, як сценка. Прыйшлі i кажуць: ты не кладзі нас на падлозе, а на ложку. Потым прынеслі кілаграмы два каўбасы (тоўстай), булачак, бялейшых за маю сцяну, масла. Гэтыя вось жывуць! Ім вайна — што прагулка. Я аднаму кажу: «Вы, мусіць, равеснік майму сыну. Вам 20 год». А ён: «Мне 29». Канечне, так жывучы, не састарышся». Як шкода, што на нашай шыі ёсць такія паразіты, бадзяюцца па тылах, аб'ядаюць краіну, не даючы ёй карысці.
Яны, як вошы, былі пры войнах заўсёды, i ў гэту вайну не вывеліся.
На фронт бы ix, у акопы.