6 июля 1982
Иван Шамякин
З хваляваннем ехаў я на купалаўскі вечар. Спалохаўся сустрэчы з такой колькасцю знаёмых — сотні! Нічога, вытрымаў. Роспыты, спачуванні шчырыя. I няшчырыя... Былі i такія. Ці раблюся падазроным, недаверлівым? Цяпер я часта думаю: якія шчаслівыя былі маладосць мая i сталасць. Я любіў людзей. Я верыў ім. Я не ведаў, што такое вораг. Яшчэ гадоў дзесяць назад я з чыстай душой, без ніякіх задніх думак, мог пайсці ў госці да любога з нашых пісьменнікаў, да ўсіх бадай жа трохсот чалавек. А вось цяпер — пайду? Хачу i надалей любіць людзей! I дараваць ім ix слабасці.
A між тым як бы адыходжу ад ix, ад людзей. Напрыклад, сябры з іншых рэспублік... Не так даўно сустракаліся з радасцю. Адзначалі сустрэчы. Перапісваліся, перазвоньваліся. Віншавалі адзін аднаго ca святамі. А цяпер сустрэліся — i ніякіх эмоцый я не адчуў. Нават да Андрэя не цягне так, як раней. Яшчэ нядаўна Маша раўнавала: «Ты не можаш пражыць без яго i аднаго дня». Не мог. А цяпер магу жыць тыдзень, месяц. Што гэта: першая прыкмета старасці — жаданне адзіноты, уединения? Агідная гэта рэч — старасць. Ці гэта часовая псіхалогія хворага? Комплекс?