29 июня 1965, Владимир Короткевич | Wir.by

29 июня 1965

Владимир Короткевич

Владимир Короткевич

Налавілі шмат рыбы і вярнуліся. Ноч за акном. На стале маім у вазе пяць півоняў, падобных на чашы са снегам. Толькі снег гэты жывы, з амаль нябачным для вока водкіддзем ў ружовае.

Сёння чуў ад простага чалавека два тлумачэнні ў духу "тут нам истопник и открыл глаза". Першае – што атамную бомбу кінулі ў якасці помсты за Пёрл-Харбар. Другое – што вугаль і нафта – сляды міналай атамнай вайны. Вугаль – ад дрэў, што загінулі, нафта – ад усяго жывога. Вунь як глыбока пранікла гэтае страхоцце і жах ягоны.

А тут – півоні. І ў кепскае не верыцца. Не можа яго быць, калі ёсць кветкі і прага жыцця.