19 января 1942
Иван Мележ
Купянск — сартавальная. Хутка выгрузка. Марозы стаяць жахлівыя. Мы амаль усе ў ботах. Боты да ўсяго летняй падгонкі, цесныя.
У многіх ногі абкручаны адной анучай. Баявая задача — абматаць боты зверху. На гэта спатрэбіліся старыя шынялі, ватныя курткі, кабель.
Выгляд у такім касалапым абутку невайсковы, але затое цяплей.
Скончыўся тытунь. Сказалі, пакуль не прыбудзем на месца, не будзе. Прадуктаў не хапае... Варта толькі закурыць каму папяроску, як з усіх бакоў чуваць: «мне дваццаць», «мне дзесяць». Папяроска ходзіць па ўсяму вагону — кожнаму па зацяжцы. Лесныху сказалі, што яго шукае зямляк. Пасля першага слова сержант спытаў: «Зямляк, тытунь ёсць?» Далей зайшла размова пра родныя мясціны, але яна не ладзілася — не было махры.