1 July 1941, Ivan Mielež | Wir.by

1 July 1941

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Ноч усю ішлі. Раніцай падышлі да ўскраіны Стрыя. Сэрца ахапіў жах. Упершыню я адчуў з усёй яснасцю, што такое вайна. Горад увесь палаў. Выбухі непадалёк ад нас тузалі паветра — можа, рвалі склады, можа, стралялі. Коні з перапуду ўздрыгвалі, то кідаліся ў рысь, то ішлі ступою. Вось па гэтай шашы мы калісьці ўязджалі ў лагер. Цяпер усё тут мела іншы выгляд: усё было чужое, страшнае... Праскочылі цераз палаючы мост, у дыме... Ля дарогі стаяла некалькі танкаў. Яны прыкрыюць нас... Спераду гарэў склад боепрыпасаў. Агонь ускідваў высокія струмені. Асколкі з шыпеннем падалі непадалёк дарогі... Гарэла на дарозе спехам падпаленая танкетка. Абозы, абозы, што бягуць на ўсход. Не магу зразумець, што гэта робіцца. Лепш не думаць, усё роўна зараз не зразумець. Развіднела. Выехалі ў лес. Ціўкаюць птушкі. Выбухі далёка ззаду.