20 August 1944
Kuźma Čorny
Ужо больш за тыдзень прайшло, а яшчэ не сышло з мяне зусім уражанне ад мае гаворкі з П. К. Панамарэнкам. На тым тыдні ў пятніцу папрасіўся я на прыём. Я не мог больш цярпець. Я падрыхтаваў тэзісы і хвілін сорак дакладваў яму: 1) аб цэнзуры ў вобразе Дадзіёмавай, якая мову беларускай літаратуры хоча перайначыць на свой лад, 2) аб тым, што я не маю магчымасці пісаць свае раманы і 3) што я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашыстоўскіх, скажам, з'ездаў, друкуюцца ў зборніках Купалы як купалаўская публіцыстыка... А я хаджу спрацованы і хворы і жыву ў катуху. Гаворка ішла гадзіны тры, да паўночы. Я паставіў пытанні проста. П. Панамарэнка ў часе гаворкі сказаў, што ён вызначае мерапрыемствы: адчыненне пры акадэміі навук двухгадовых курсаў - інстытуту мовы. Сабраць туды такую нізавую інтэлігенцыю, як сельскіх маладых настаўнікаў, і зрабіць з іх ахавальнікаў чыстаты беларускай мовы ў школах і нізавым друку. Адчыненне пры беларускім універсітэце факультэта журналістыкі. П. сказаў, што здыме з пасады цэнзара Дадзіёмаву. Узгаварыліся, як я сядзеў у турме, я сказаў, як і чым мяне катавалі. Уражанне ад гаворкі было добрае, я паспакайнеў і крыху супакоіўся. Я паказаў яму забракованы цэнзурай мой перадавы артыкул у № 5 «Беларусь». Там аб тым, што нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькі парою пакуты, але і парою ўзвышэння, гартавання і гістарычнага ўзняцця народа як нацыі і ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасці. Народ пакінуў быць пастухом і стаў генералам. Наша шчасце, што мы належым да СССР, каб не - то што было б з намі? П. сказаў, што гэта яго думкі, «артыкул бліскучы» і цэнзуру ён «ператрасе». Гаварылі пра ўсялякую драбязу, але мне важную: я папрасіў памагчы мне ў Менску дастаць дзе жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклікаў з Менска Лынькова. Чакаю хуткага пераезду ў Менск, паспакайнець там душою, узмацнець целам і пісаць, раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш.
Нешта такі ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзіць Глебка. Яму трэба парваць усе сувязі з бялькевічаўскім мяшчанствам у Менску і вытруціць з душы (не з душы, а з думак) памяць аб Ніне. Звязаўшыся ў маладосці з ёю, ён, гэты тады просты і шчыры сялянскі хлопец, ачарсцвеў і пачаў мяшчаніцца. Чутно ад людзей, што яна цяпер нават яшчэ выступае па радыё з Кенігсбергу.
Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Міхала і Юрася, мусіць, няма жывых. Пісьмо з Цімкавіч. Маша і Анюта жывыя. Дом згарэў. Каб быць у Менску ў сваім ціхім кутку і пісаць!