26 August 1942
Ivan Mielež
Учора пачаліся баі пад Сталінградам. Немцы дайшлі да Волгі!
На подступах да Сталінграда за два дні збіты 92 самалёты.
Потым нечакана было перададзена паведамленне: «У апошні час». Ужо па голасу дыктара адчувалася, што будзе нешта незвычайнае. I праўда — упершыню за апошні месяц, пасля ўсіх незлічоных, сумных вестак — першая радасная вестачка, ды яшчэ якая! Нашы войскі на Заходнім i Калінінскім фронце ўжо два тыдні вядуць вялікае наступленне на немцаў. На Ржэў i Гжацк i Вязьму.
Нашы войскі прарвалі абарону немцаў па фронту на 115 кіламетраў i адкінулі немцаў на 50 кіламетраў. Разбіта 6 пяхотных дывізій, 2 мотадывізіі, танкавая дывізія, шэрагу іншых нанесены вялікія страты. Вызвалена 610 населеных пунктаў, i сярод ix тры гарады. Баі ідуць на ўскраіне горада Ржэў.
Астатнія гарады, праўда, невялікія, на карце ix няма, але гэта не мяняе справы.
Аб тым, якія вялікія i паспяховыя баі ішлі, сведчаць велізарныя трафеі, што немцы пакінулі пры адступленні. Пералічэнне ix гучыць у нашых вушах як музыка! Дачакаемся, не можа быць, каб не дачакаліся, калі такая музыка будзе гучаць часта!
Вестка пра гэта хутка разышлася па шпіталі. Палаты ў гэты вечар доўга не маглі супакоіцца, усё абмяркоўвалі радасную навіну.
Усе быццам ажылі!
Але паведамленне — немцы ў Сталінградзе — ные ўсё ж. Бы стрэмка.