1 January 1942
Ivan Mielež
Пачаўся новы год. У гонар такой урачыстасці нам выдалі падарункі ад рабочых Баку. У зямлянцы сядзелі Смоквін, Лугавы, сувязісты. Гусараў увесь час глядзеў на гадзіннік. Без 5-ці ў 12 мы выйшлі. Была ясная марозная ноч. Блішчаў месяц. Рыпеў снег над нагамі. Роўна ў 12 мы далі залп. Некалькі хвілін справа i злева, далека i блізка, гаварыла артылерыя. Потым падышлі спачатку Гусараў, а пасля іншыя таварышы, пажадалі шчасця, усе разышліся, але я доўга не спаў, успамінаючы сяброў. Гадаў, дзе яны ў гэтую ноч. I многіх не мог уявіць. Згубіў з імі ўсякую сувязь. Тры такія ночы — тры гады — не быў з імі. Але ўсюды, дзе б вы ні былі, сябры, я зычу вам шчасця ў гэтую ноч. Веру, што мы ўсё ж сустрэнемся яшчэ.