11 January 1993
Ivan Šamiakin
Учора расійскае тэлебачанне перадало дзікі факт, які проста ашаламіў. Божа мой, да чаго дажылі! У людзей, для якіх долар стаў богам, знікае ўсё чалавечае.
З Пскова ішоў аўтобус з мяшэчнікамі, гарбахватамі, хапугамі ў Польшчу. На пад'ездзе да мяжы (да Брэста, Гродна?) памёр адзін з пасажыраў. Што робяць астатнія? Спыняюцца? Павяртаюць назад? Не. Г'арыць бізнес. Труп нябожчыка кладуць на задняе сядзенне, накрываюць i працягваюць свой маршрут — да польскага базару.
Праходзяць мытню. Пераязджаюць граніцу. Чатыры дні ездзяць па Польшчы, прадаюць, купляюць, начуюць у аўтобусе, ядзяць, п'юць — побач з нябожчыкам. Жах! Да якога падзення дайшлі людзі! Ніводны з нас, савецкіх пісьменнікаў, ніколі не прыдумаў бы такога сюжэта.