9 October 1942
Ivan Mielež
Ужо амаль суткі стаім тут. Паўз нас у той i другі бок, грукочучы, праносяцца эшалоны з чорнымі цыстэрнамі. А наш стаіць. Непадалёк некалькі маленькіх дамочкаў, а вакол — усюды — стэп, выпалены, роўны, бяскрайні. Ля вагонаў — кірмаш. Пасажыры таргуюцца. На чай у казахаў можна выменяць усё: крам, хлеб, «тару». Так на кожным прыпынку. Ледзь цягнік спыніцца, збягаюцца казахі, пачынаецца гандаль. У вагонах цесна, душна. Змарнелыя, аброслыя пасажыры нервова лаюць дарогу. Я застаўся без месца. Пашумеў, але месца не дабіўся. Інцыдэнт развязалі нечакана міла. Мне дала прытулак правадніца міжнароднага вагона. Адклаўшы дзённік убок, я ўзлажу на сярэднюю лаўку i, уткнуўшы падбародак у падушку, гасцінна пададзеную правадніцай, гляджу на рэдкія дамочкі станцыі, на стэп, успамінаю Каспій, Л.