22 August 1942
Ivan Mielež
Увогуле, будучыня мая зусім няясная. Для службы ў арміі я, ва ўсякім разе, пакуль — не падыходжу. Рука па-ранейшаму i на падвязцы — ные, трэба падтрымліваць яе, песціць. Ніякай трасяніны не выносіць. Нават пры хадзе ступаць трэба мякка. Каб не было штуршкоў. Калі пішу, таксама патрабуе пяшчотнага абыходжання. Каб не было рэзкіх рухаў, ніякіх націскаў. I праз кожныя некалькі хвілін — адпачынак.
Я спадзяюся, што ўсё ж далей павінна быць лепей. Але ўсё гэта надзеі. Пакуль увечары, калі кладуся спаць, кручуся i так, i гэтак, падтрымліваю, падкладваю падушку, «торбу», каб ёй было зручна. Ды — усё не падабаецца ёй, ные, зануда.
Часам думаю аб вучобе. Можа, вярнуцца ў інстытут? Але дзе ён, гэты мой МИФЛИ, Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі i літаратуры? З Масквы яго, напэўна, эвакуіравалі. А можа, i зусім расфарміравалі?.. Не, не павінны...
Зрэшты, вучыцца чамусьці не хочацца. Неяк i не думаецца сур'ёзна аб гэтым. Не да таго...
Наогул, усё пакуль няясна...