30 May 1583, Mikałaj Kryštof Radzivił Sirotka | Wir.by

30 May 1583

Mikałaj Kryštof Radzivił Sirotka

Mikałaj Kryštof Radzivił Sirotka

Дакладна на світанні прыплылі мы ў Леміс. Туды за адзін дзень перад намі прыплылі былі неспадзявана чатыры галеры князя фларэнцкага, места сплюндравалі, туркаў паланілі, а каля трыццаці забілі. На беразе вежа стаіць, частка яе пад час землятрусу за колькі гадоў перад тым абвалілася, пры тым некалі туркаў прываліла. Калі я з карабля дзеля агляду мясцовасці выйшаў, заступіў нам дарогу нейкі шаленец, такіх

звычайна называюць маслочнікамі, у руках нож шырокі, да брытвы падобны, трымаючы, і, вызначыўшы, што мы паломнікі (а нас было чацвёра), падышоў і спытаўся, маўляў, што мне дасцё, а я за здароўе імператара пана майго зарэжуся. Хацеў за тое манету, якую туркі называюць майдын. Мы, каб дарма грошы не марнаваць, сказалі, што майдынаў маем не замнога, дый тыя нібыта з цяжкасцю пазычылі мы ў гандляра нейкага валоха, які там на Кіпры і жыў і быў тым часам з намі, і далі яму, пераказаўшы праз тлумача, што ніякага рэзання бачыць не хочам. Але ён, узяўшы майдын, два разы сябе па грудзях досыць глыбока парэзаў, і страшна было кроў, што так густа ліецца, бачыць. Не быў, відаць, пры розуме, як і тыя, што маслок у порах расцершы, п’юць. Лечацца вадою, зёлак нейкіх дадаўшы, і гояцца раны хутка, што і з гэтым сталася. Не далі б мы яму нічога, але нас той гандляр папярэджваў, кажучы, што звычайна тыя нягоднікі хрысіцянаў абражаюць, удаючы шаленства.

Агледзеў я места і пабачыў яго вельмі занядбаным. У Святочную нядзелю біскуп Сідонскі Найсвяцейшую імшу ў храме грэцкім адпраўляў, на якой амаль усе з нашага карабля прынялі прычасце.