31 May 1942
Ivan Mielež
Атрымаў прызначэнне. На шляху да месца працы заначаваў у сяле. Тут пазнаёміўся з фельчарам. Сівы, няголены, ён сядзеў у маленькім пакойчыку, што быў цяпер амбулаторыяй. Прасторны будынак былой амбулаторыі занялі вайскоўцы, i ён ужо амаль паўгода туліцца тут. У пакойчыку ложак ды пліта з кацялком. У кацялку кіпіць вада. Фельчар гатуе вячэру. Медыкаменты раскладзены на вокнах i на століку, на якім таксама ляжыць сшытак запісу хворых. Ён мне расказаў сваю гісторыю. Трыццаць год працуе фельчарам, дзесяць год бязвыезна ў гэтым сяле. Прывык, зрадніўся. Цяпер дні ідуць у трывозе, ён з надзеяй услухоўваецца ў гул батарэй. Калі нашы не стрымаюць, ён пойдзе з Чырвонай Арміяй. Нялёгка гэта слабому старому, але ён пойдзе. Немцы збіраліся расстраляць яго за лячэнне партызан у 18-м годзе, яны цяпер таксама не даруюць. Сям'ю ён адправіў у роднае сяло, а сам жыве адзін. Прымае хворых.
Пасля аднаго гарачага бою, калі ішло многа раненых, ён вывесіў сцяжок з чырвоным крыжам. Двое бяссонных сутак ён памагаў раненым, перавязаў 106 чалавек. Адзін з раненых падарыў гэты кацялок.
Ён усё перагледзеў, падрыхтаваўся да горшага. Сабраў самае неабходнае, яно павінна ўмясціцца ў партфелі. З гэтым ён забярэ самае дарагое — пісьмы. Ён возьме ix з сабой, як памяць пра сваю шматгадовую працу.