31 March 1982, Uładzimir Karatkievič | Wir.by

31 March 1982

Uładzimir Karatkievič

Uładzimir Karatkievič

Сёння сонца адзначыла апошні ў сакавіку дзень. Раніцай было тры градусы цеплыні, зараз, у 14 г., – 6. Паўсюль блытаныя, ламаныя цені. У самых зацененых, самых зацішных кутках або каля тых месцаў, дзе ўзімку часцей чысцілі і накідалі вялізныя снежныя дзюны (наўскос праз сквер ад праспекта да будынка, дзе «Маладосць», напрыклад), – капае, сыходзіць вадою і парай апошні снег. Апошні зімні снег. Могуць быць яшчэ і вялізныя, бо гэты год «планетнага параду» можа паднесці яшчэ чорт ведае якія падарункі (быў раз у Кіеве завал снягоў на маладыя лопасці-лопухі каштанавых лісцяў, пасля першага мая ўжо), але гэта будуць ужо «веснія» снягі. Ад адной назвы нібыта не так і страшна, хаця гэтыя «назвы» могуць зрабіць, што дзеці застануцца без лішняга яблыка, а дарослыя…

Сёння прыслалі, урэшце, план Мсціслава. Паглядзеў на ўсё гэта… А ці не махнуць мне сапраўды туды. Ды не, чорта з два. Спачатку вычытаць «Маці ўрагану», звезці ў Віцебск і здаць. А пасля хоць трохі пра Мсціслаў, хоць разгорнуты план кнігі зрабіць. А тым часам пройдзе там вясна вады і вада зеляніны. А я адну п’есу скончыў на пачатку восені, другую – на сыходзе зімы. А ўсю зіму, самыя рабочыя месяцы, займаўся лухтой, выручаючы іншых. За паўгода восені і зімы, самага рабочага часу, – 2 нікчэмныя эсэ, некалькі вершаў, некалькі перакладаў, безліч ідыёцкіх рэцэнзій, водгукаў і г. д.