23 October 1942, Ivan Mielež | Wir.by

23 October 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Дом, у якім я жыву, драўляны, на адзін паверх. З выгляду невялікі, з боку вуліцы тры акны з аканіцамі. Нічым не вылучаецца сярод іншых. Але ў сярэдзіне ён — цэлая дзяржава, ці інтэрнат. У ім цэлых сем пакояў i яшчэ веранда i сенцы. Зрэшты, палова пакояў — не пакоі, a каморкі, дзе ледзь уціскаецца ложак i столік. Я не ведаю, хто тут i як жыў раней, але цяпер тут народу — што на вакзале.

Жывуць усюды, ва ўсіх куточках. Гаспадыня i яе сястра займаюць цёплую каморку ля грубкі, з другога боку, у каморцы ж, таксама пры грубцы — дачка. Брат гаспадыні — у вялікім пракураным пакоі ў агарод. Яшчэ адзін яе брат — маленькі, гарбаты — у кухні, на печцы, з хлопцам, няродным, прыёмным. Побач, у каморцы, памерам са шпакоўню, жанчына, эвакуіраваная з Віцебска. У пакоі, больш прасторным, побач з тым, у якім брат гаспадыні,— цэлая сям'я з трох чалавек. Муж, жонка i сын гадоў дзевяці — з Растова. Муж недзе служыць, па забеспячэнні, жонка — медычка. Хлопчык — жвавы i вельмі таварыскі. Я жыву ў зале, таксама ля грубкі. Раней у гэтай зале, сказалі мне, жылі таксама ваенныя, лейтэнанты. Прычым, мяркуючы па расказах, ix тут прайшло як быццам не адно пакаленне. Яны ўсе паехалі, адны — на фронт, другія — у іншыя гарады. Ix успамінаюць па імёнах i з задавальненнем.

Удзень гаспадыня атрымала ліст з фронту. Піша былы «кватарант», што жыў тут год назад. Год назад расстаўся з ёй, але піша, не забывае. Рос ён без сям'і, без бацькі, сваякоў. «Скончыцца вайна, i прыеду. У вас цесна будзе. Дзеці прыедуць. Але нічога. Я прыбудую да вашага дома пакойчык, i будзем жыць разам». Пажывуць трохі i едуць куды-небудзь, але не забываюць. Некалькі дзён назад адзін з такіх жыхароў, лейтэнант, заехаў. З фронту паслалі ў акадэмію. Зрабіў вялікі крук, але рашыў наведаць. Позна ўночы, калі ўсе спалі, дастукаўся праз аканіцу. «Ды гэта я... Ну Павел, ну Мінько». Усю ноч, да раніцы прагаварылі, успаміналі пра былое. Ён расказваў аб тым, што перажыў пасля ад'езду. A ўранку паехаў.