10 April 1942, Ivan Mielež | Wir.by

10 April 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Надвор'е стаіць веснавое. Зіхціць яснае сонца. З поўдня дзьме свежы пругкі вецер. Хутка сохнуць дарожкі. Шаша ўжо па-летняму сухая i радасная. Па вуліцах бясконца, не спяшаючыся ад марозу, ходзяць людзі. Ва ўсім веснавая усмешка i млоснае адчуванне цяпла.

На бульвары пад голымі дрэвамі сядзяць парачкі. Як востра адчуваецца ў такія дні радасць жыцця, хочацца жыць i жыць. Усё часцей i часцей курсанты заводзяць размовы пра выпуск. Перадаюць чуткі аб тым, што тэрмін вучобы прадоўжаны на 8 дзён. Гаркуноў лаецца: хутчэй бы на фронт. А хлопцы мяркуюць пра будучую работу. Хто хоча ў артылерыю, хто ў аўтароты, кожны спадзяецца (стараючыся пераканаць сябе), што работа дастанецца па сэрцу. Расказваюць адзін аднаму пра тое, што з курсантамі папярэдняга выпуску гутарылі, пыталіся пра жаданне. Кажуць, што Сталін загадаў усіх сярэдніх камандзіраў накіроўваць па спецыяльнасці...

Я таксама часта стараюся ўгадаць, дзе мне прыйдзецца рабіць справы. Аднойчы на бюро я мімаволі ўявіў, нібы мы сядзім у рэдакцыі i выкладчыкі – гэта супрацоўнікі газеты. Гэта мая мара. Усе сілы аддаў бы любімай справе, усяго сябе, гарэў бы на рабоце. Але мара мая ахутана сырым i халодным туманам.

Людзі хутка адвыкаюць ад вайны. Спакойна ідзе жыццё, мы сталі бесклапотней. Калі прыйдзем на фронт, давядзецца яшчэ раз абстрэльвацца. Я таксама распесціўся. А палове адзінаццатай кладуся пад мяккую прасціну, i ноччу ўставаць – пісаць сваё – не хочацца.

Раніцай, калі чырвоныя праменні сонца адзначаюцца на сцяне, хочацца паляжаць яшчэ... Не час цяпер песціцца. Трэба франтавую суровую загартоўку трымаць.

Наперадзе чакаюць баі. Добра сказаў Эрэнбург – «веснавое раўнадзенства», у чый бок перацягне сіла. Гэтай вясной павінна вырашыцца канчаткова – калі скончыцца вайна, калі Германія не перацягне, калі ініцыятыва па-ранейшаму будзе ў нашых руках, мы будзем гаспадарамі вайны. Зімой мы ix даб'ем. Гадзіна ўсё будзе рабіць для таго, каб выкруціцца жыць. Суровыя выпрабаванні рыхтуюць нам вясна i лета. А надвор'е такое ласкавае, i так ясна, па-дзіцячаму зіхціць сонца.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Read the article