24 January 1942
Ivan Mielež
Нашы войскі прарвалі абарончую лінію немцаў на Калінінскім фронце. А мы пакуль стаім усё там жа. Пастрэльваем патроху — i ўсё.
Надвор'е на дварэ жахлівае. Замяло дарогі. Вецер кідае ў твар пякучыя крупінкі снегу, твар пячэ мароз. Але ў зямлянцы цёпла. Трашчыць самаробная, з бляшанкі, печ. Полымя кідае чырвоныя водбліскі на байцоў, што стоўпіліся ля печы. У такі час можна пачуць многа казак, анекдотаў, успамінаў, жартаў — самых разнастайных. Шкода — няма дзе запісваць, a ўсё забываецца. Вось разведчык Пяцін расказвае пра тое, як малым украў на пасёлку мёд. Потым яны баяліся расплаты i некалькі сутак жылі ў лесе, не ішлі ў школу. Ix знайшоў пчаляр. «Вы бралі мёд».— «Не, мы не бралі».— «Прызнайцеся, я ж бачыў, як вы з брацікам ішлі i елі».— «Не, мы, дзядзька, не елі»,— «А чаго ў вас губы ў мёдзе?» Маленькі Пяцін панурыўшыся маўчаў. «Вы не бойцеся. Вы толькі аддайце рамкi». Пяцін прывёў да таго месца, дзе валяліся рамкі. Пчаляр пайшоў, a Пяцін вярнуўся дадому. Малодшы брацік застаўся — біць будзе бацька. Але бацька не біў Пяціна. «Ідзі пазаві Шурку, сёння ў нас будзе кіно — пойдзем разам». Вярнуўся i другі віноўнік. Потым хадзілі ў кіно. «Чаго ж вы не ішлі дадому?» — «Баяліся, што біць будзеш».— «Не буду, толькі ў другі раз не рабіце гэтага».— «Не будзем, тата!»
Прыносяць абед. Падвешваецца абрывак кабеля. Мігае бледнае полымя. Тады змаўкае ўсё — усе заняты. А потым просядь мяне прачытаць газету. «Пісьмо таварышу аб жыцці i смерці». «Так, вельмі хочацца жыць, прыціснуць да шорсткага шыняля кучаравую галоўку дачкі. Убачыць нашу перамогу». Ці аб тым, як Даніла паміраў. На дварэ цямнее. «Выставідь назіральнікаў!» Адчыняецца палатка ля ўвахода — выходзіць назіральнік. У палатку сыплецца снег, Клубамі коціцца пара. Потым спяць, толькі адзін-два сядзяць ля агніо, падкідваюць ламачча, абаграваюцца з марозу, сушаць анучы ці шукаюць насякомых. Горш за ўсё даводзіцца пры пераездах, пакуль не выкапана зямлянка, a ў зямлянцы — рай.