8 February 1942, Ivan Mielež | Wir.by

8 February 1942

Ivan Mielež

Ivan Mielež

Так што сёння зампалітруку Мележу Івану Паўлавічу 21 год. Тры гады з ix прайшлі ў арміі. Трэцюю гадавіну святкую я ў шэрым шынялі, з туга зацягнутым поясам, сярод падобных да мяне. Далека, ледзь чутны перажыванні светлага юнацтва i кахання, пахаваны мары аб вучобе. Залатое юнацтва, ты ўжо ззаду. Жыццё сурова сцябае.

Сёння ў мяне таго юнацтва няма, ёсць толькі грозная, цяжкая, франтавая... як бы гэта назваць – сталасць, ці што? Я на жыццё гляджу проста, я далёкі ад тугі, расчараванняў. Я не смяюся бесклапотна (як раней), але i не бядую, такая ўраўнаважанасць, я заўважыў, характэрна для дарослых i, асабліва, для вопытных, якія сербанулі з мора жыцця, людзей. Такі быў Картушын, такі будзе хутка Гусараў... Той з равеснікаў, хто вытрымае гэту буру, не зламаецца, няхай выгнецца, але выпрастаецца горда, – той будзе моцны.

Чым парадуе мяне гэты дзянёк? Дзіўна, з нейкім вострым адчуваннем я адзначаў надзеі сённяшняга дня. Дробязі, на якія я звычайна не звяртаў увагі, учэпліваліся ў памяць. Усё нібы вылучала гэты дзень з іншых. Ноччу падзьмуў моцны веснавы вецер, глуха шумеў, стукаў аканіцамі. Удзень раставаў снег, ледзяшы капалі з дахаў, веснавая млявая пяшчота ўсялілася ў хлопцаў. Дыхнула вясна. (Чырвонаармеец на двары, разаслаўшы дзяружку, выбіраў зерне ca старых сланечнікаў. «Першы верабей», – пажартаваў нехта.) Прыйшоў старшына з весткай, што прыбылі хлеб, мяса i гарэлка. Дзве падводы яшчэ засталіся на базе, так што харчовае пытанне вырашаецца добра. Вырашылі намыць байцоў. Ужо грэюць ваду. Дасталі два тазы, вядро, нагрэлі пакой у пуставаўшай школе – вось i лазня. Шкода, дэзкамеры няма. Увечары, захапіўшы пару чыстай бялізны, я пайшоў у лазню, але памыцца не ўдалося. Пасыльны-баец вызваў да камбата, а Раманаў загадаў збіраць рэчы i адпраўляцца ў штаб дывізіёна. Ён ведае толькі, што пасылаюць на курсы палітсаставу, больш я нічога не змог дабіцца. Напісалі характарыстыку, доўгую i гучную. Развітаўся i больш не вяртаўся. Праз гадзіну мы крочылі ўтрох, па снежнай зыбкай дарозе, у начной халоднай цемры, узрушаныя, асабліва мае таварышы. Недзе ззаду ўскінулася полымя i праз некалькі хвілін – разрыў.

– Бывай, фронт, амаль восем месяцаў хадзілі мы па табе, жартавалі са смерцю i трывалі нягоды.

– Бывай, можа, не хутка сустрэнемся. Сябры без упынку гаварылі – то баяліся, што не прымуць, то меркавалі, дзе будуць i колькі часу працягнуцца курсы. Паабяцалі адзін аднаму «там» быць «землякамі», дапамагаць адзін аднаму. Я больш маўчаў i думаў аб тым, ці будзе шчаслівы гэты дзень, ці здружымся мы з новымі таварышамі, чым парадуе нас новае, амаль забытае жыццё. Усё роўна, зараз выбару няма – вучыцца ці не вучыцца – вайна закрыла ўсе далягляды. Там, за даляглядам, ёсць светлая будучыня, але да яе шлях праз вайну. Я ніколі не марыў пра вайсковую кар'еру, а зараз буду вайсковым. Іншага шляху няма.

Так што, ішлі салдаты з фронту. Заначуем у першай вёсачцы, a заўтра далей у дарогу.