17 September 1965
Uładzimir Karatkievič
Сёння раніцай выйшаў на Кедраўку. Празрыстая, як шкло. Горы ледзь залоцяцца сонцам па верхавінах. Усе ў зелені. Высока-высока. І ад вады, якой абліваешся, хочацца жыць.
Пайшоў да дырэктара. Добры домік. У кабінеце шафы з кнігамі, вісяць шкуркі янотаў, лісіц, барсукоў, на канапе калматая цёмная шкура гарала, а над ім рогі ізюбра і плямаватая ягоная шкура.
Пагаварылі. Пайшлі з ім у канцылярыю. Жэньшэнь у слоіках, чарапы, шкуры, узважваюць забітага дзікага ката. Накрэсліў ён мне план, вельмі просты.
І вось я рушыў. Пакуль у разведачны паход. Тайга, пахі, галасы (уначы хрыпелі казулі, спаць не давалі).
Пасля Сухога ключа ў лесе спіртавы, амаль нашатырны пах (восень). Цэлае паселішча даўгадзюбых японскіх варон шуміць крыламі нада галавою. Дуплянкі малыя і вялікія (для качак-мандарынак), мора сіняга аконіту. І ва ўсім гэтым суцэльная, без пароку прыгажосць, вялікі спакой восені, жыццё. На "аксаміце" ветразнікі Маака, чорныя махаоны, чорна-зялёныя. І кожная крыніца на свой твар і, адначасова, чароўна-разнастайная. На жвіры, ля ручаін, чазеніі, рэліктавыя вербы, падобныя адначасова і на пальмы, і на эўкаліпы. Багацце фарбаў, гукаў, парод. Бэз, волатавая таполя Максімовіча, шмат розных бяроз, яблыні з яблычкамі ў ногаць мезенца, граб, ліпа. Усё гэта дзівосна.
Вярнуўся, схадзілі ў Прыморскі, пад'елі. А пасля на беразе лавіў стронг і пяструшку, запісаў думкі, якіх было дзіва як многа, важлівыя і не зусім дурныя. А захад згасаў на вяршынях, бляднеў.