24 February 1942
Ivan Mielež
Усё яшчэ не пачалі нармальных заняткаў. Фармальна заняткі праводзяцца, але бессістэмна, без плана,– каб курсанты не «нудзіліся». Камандзір узвода, камандзіры аддзяленняў з нашых жа хлопцаў, франтавікі, Адносіны ў нас сяброўскія, свабодныя. Падбор курсантаў у асноўным добры. Асабліва падабаюцца мне Губанаў, Гныпель, Тарабан, Осіпаў, Сахно. Першая тройка з аднаго палка. У дарозе яны супольна забяспечвалі сябе прадуктамі, супольна разведвалі становішча на станцыях i абмяркоўвалі яго. Жывуць яны i тут дружна, робяць усё сумесна... Першыя дні ў Каменску нудзімся. Былі ў ДКА i ў кіно. A ў астатні час расказваем адзін аднаму франтавыя эпізоды, спрачаемся аб самых розных пытаннях. Сёння Гныпель i Тарабан спрачаюцца пра розніцу паміж прастытуцыяй i распустай, прыводзячы розныя прыклады. У горад – толькі па звальніцельных. Мяне i Смірнова ледзь было не павялі да каменданта за тое, што не прывіталі нейкага са «шпалай»... Словам, «старое пачынаецца зноў».