Беларуская дакументалістыка online | Wir.by
Як выглядае сучаснае беларускае дакументальнае кіно і што глядзець на анлайн-кінафестывалі беларускай дакументалістыкі? Глядзім разам з BelarusDocs.
Беларуская дакументалістыка online

Беларуская дакументалістыка online

Анлайн-кінафестываль BelarusDocs запрашае пазнаёміцца з сучасным беларускім дакументальным кіно. За фестывальны тыдзень з 7 па 13 красавіка 2020 года можна будзе ўбачыць сем стужак. Кожны з фільмаў будзе даступны для анлайн-прагляду на працягу 24 гадзін з англійскімі субтытрамі на сайце belarusdocs.com.

Праграма BelarusDocs фармуецца з фільмаў, якія адлюстроўваюць актуальныя для беларускага грамадства тэмы. Кінастужкі былі высока ацэненыя крытыкамі, у тым ліку журы міжнародных фестываляў. Толькі за 2018-2019 гады беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на вядучых міжнародных біенале дакументальнага кіно — Амстэрдамскім IDFA, Кракаўскім кінафэстывалі, кінафестывалі Go East у Нямеччыне, Артдокфэсце (Масква), але ў шырокім пракаце беларускаму гледачу яны былі недаступныя. Анлайн-фестываль BelarusDocs дае кожнаму магчымасць убачыць сучаснае беларускае дакументальнае кіно, не выходзячы з дому.

У праграму фестываля ўваходзяць сем фільмаў:

Трэнер.jpgТрэнер7 красавіка — «Трэнер» (2019; рэжысёр — Вольга Абрамчык)

Фільм-удзельнік фестываляў «Docudays UA» (Кіеў), «Артдокфэст» (Масква) і «Лістапад» (Мінск)

Алег Кірылаў — трэнер зборнай Беларусі па інтуітыўным футболе. Яго падапечныя — невідушчыя. Фільм паказвае штодзённасць і побыт людзей, якія, нягледзячы ні на што, хочуць праявіць сябе, і трэнера, які дапагае ім у барацьбе.

Дэбют.jpgДэбют8 красавіка — «Дэбют» (2017; рэжысёр — Настасся Мірашнічэнка)

Фільм-прэтэндэнт на Оскар-2019 ад Беларусі, удзельнік IDFA (Амстэрдам), лаўрэат Кракаўскага кінафестываля

У папраўчай калоніі ў цэнтры Гомеля адбываюць пакаранне паўтары тысячы жанчын. Сюды трапляюць толькі тыя, хто парушыў закон ўпершыню. Не страціць індывідуальнасць і паспрабаваць сябе ў новых ролях дапамагаюць рэпетыцыі турэмнага тэатра.

Лебедзі.jpgЛебедзі9 красавіка — «Лебедзі» (2018; рэжысёр — Галіна Адамовіч)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік «Артдокфэста» (Масква)

«Лебедзі» — унутраны працоўны пазыўны хуткай дапамогі ў Светлагорску. Менавіта яны першымі сутыкаюцца з раптоўнымі захворваннямі, няшчаснымі выпадкамі і траўмамі. Але мала хто бачыць за белымі халатамі жывых людзей са сваімі радасцямі і хваляваннямі. Фільм — энкцыклапедыя беларускага пацыента і, бадай, лепшы кліп на песні Іллі Чарапко-Самахвалава. Абавязкова да прагляду!

Перазімаваць.jpgПеразімаваць10 красавіка — «Перазімаваць» (2017; рэжысёр — Ева-Кацярына Махава)

Фільм-удзельнік фестываляў "Артдокфэст«(Масква) і «Лістапад» (Мінск), намінант на прэмію «Лаўр»

У дэмаграфіі існуе тэрмін «узрост дажыцця» — ён выразна паказвае сумнае становішча людзей сталага веку ў нашай краіне. Жыццё герояў фільма, жыхароў зімовага дома сумеснага пражывання, мінае як адзін суцэльны «дзень сурка»: ежа больш не смакуе, галоўныя навіны — новыя хваробы, а сацыяльныя кантакты замяняе тэлебачанне. Зіма будзе доўгай.

Цар гары.jpgЦар гары 11 красавіка — «Цар гары» (2017; рэжысёр — Андрэй Куціла)

Фільм-удзельнік фестываляў «Артдокфэст» (Масква) і «Лістапад» (Мінск), пераможца фестываля «Golden Beggar» (Кошыцэ, Славакія)

Калі вы задумваліся пра даўншыфтынг, перад тым, як набыць хутар in the middle of nowhere, паглядзіце фільм «Цар гары». Сямён, галоўны герой фільма, жыве на хутары разам з жонкай, дзецьмі і вывадкам авечак. Свае думкі пра жыццё, уладу і рэлігію ён занатоўвае ў сваім відэаблогу пад нікам Цар гары. Праўда, адказнасці Цару яшчэ трэба павучыцца: ён спрабуе ўцячы ад грамадства, спадзяецца на божую дапамогу, а сур’ёзныя рашэнні прымае, падкідваючы манетку.

Фальклор і жыццё.jpgФальклор і жыццё12 красавіка — «Фальклор і жыццё» (2020; рэжысёр — Юрый Цімафееў)

Нацыянальная прэм’ера фільма

Фальклор з’яўляецца адлюстраваннем чалавечага існавання ў вобразнай, метафарычнай форме. Абрады у нашых продкаў былі падрыхтаваныя да кожнага свята і цесна знітаваныя з паняццем урадлівасці, што абумоўлівае іх своеасаблівы эратызм. Фільм — рэдкая магчымасць убачыць аўтэнтычныя народныя рытуалы, якія да сённяшняга дня жывуць у беларускіх вёсках.

Полацкі вальс.jpgПолацкі вальс13 красавіка — «Полацкі вальс» (2019; рэжысёр — Вольга Дашук)

Беларуская фестывальная прэм’ера, фільм-удзельнік міжнародных кінафестываляў

Галоўны герой, кіраўнік вясковага аматарскага хора Васіль, нагадвае персанажаў дудараўскага «Вечара»: жывучы ў глухой вёсцы, дзе амаль няма маладых, ён не сумуе і падштурхоўвае мясцовае культурнае жыццё. Паэтычная натура Васіля дапамагае яму тонка адчуваць сувязь з прыродай і сваімі каранямі — дакументальная карціна пра жыццё вясковага барда выяўляецца запрашэннем да рэфлексіі.

Рэкамендуем скарыстацца рэдкай магчымасцю і паглядзець гэтыя фільмы з 7 па 13 красавіка на сайце belarusdocs.com