24 чэрвеня 1942
Іван Мележ
Ледзь толькі настае ноч, роўна ў адзінаццаць на дварэ непадалёк тужліва i даўка вые сірэна. Трывога, на горад ідуць нямецкія самалёты. Прыбягаюць сестры, i мой цяжкі ложак разам са мной нясуць на першы паверх. Сховішча няма. Усе сядзяць у калідоры i нацята слухаюць, як, то набліжаючыся, то аддаляючыся, б'юць зеніткі. Я па-ранейшаму не магу спаць. А спаць нечалавеча хочацца.
Бяссільна абвісае цела. Баліць кожная костачка, кожная часцінка. Я мару аб тым, каб хоць некалькі хвілін паляжаць, заснуць, забыцца.
Але легчы нельга, імгненна ўспыхвае востры боль,— не ў плячы, a ў локці i ў пальцах. Нават схіліць галаву на бок нельга, ажывае боль.
Больш няма сілы трымаць прама галаву. Мяне абклалі падушкамі з усіх бакоў, але аблакаціцца на ix нельга. Ледзь схілюся на бок — выбухае боль. Каб заснуць i забыцца, прашу ўкола морфію. Не даюць.
Я ўжо i так вельмі многа яго прыняў, гэта можа дрэнна адбіцца на аслабленым арганізме. Прашу сястру, угаворваю, яна спачувае, але ўкола не дае, баіцца гневу ўрача. Урэшце, урач злітаваўся над маімі пакутамі, дазваляе даць укол. Дзякую. Прыняўшы ўкол, спадзяюся заснуць, але сон не прыходзіць. Нясцерпны боль не сціхае. Морфій не дапамагае. Схіліў галаву на нейкі падрыхтаваны пюпітр i трохі задрамаў. Праз дрымоту — тузае гэты пракляты боль. Ад яго нідзе няма спакою. Пакуль яшчэ невядома, што будзе з рукой. Яе адно стараюцца ўратаваць.