2 лютага 1982
Уладзімір Караткевіч
Раніцай расчыніў праветрыць: сёння не ўдасца сядзець пры адкрытай фортцы. Вецер б’е з боку вокан у гасціную, і кабінет адчувальна цяжкі, як вясной, але волкі і халодны. −7℃. І зноў няма сонца і нізкае неба. Узвыеш.
Прачытаў «Хроніку забойства, пра якое ведалі ўсе» Габрыэля Гарсіа Маркеса (Cronika de una muerto anunciada). Упершыню ўбачыў партрэт Маркеса. Мне здавалася, што гэта вытанчаны, сівы, па-інтэлігентнаму сухі чалавек з тонкім абліччам. А гэта сумесь Фернандэля і каўказца на рынку.
Адзінства формы і зместу. Ідыёцкае часам запатрабаванне, наконт класіцыстычных адзінстваў. А сядзіць яно ў нас. Ну, пісалі, вядома, Андэрсен пра жабу, Гюго пра Квазімоду, але сядзіць у нас, упарта, што прыгожая жанчына не можа быць сукай, што Хрыстос – верх мужчынскай прыгажосці (а гэтага не было), што той самы Андэрсен павінен быў мець аблічча тэатральнага любоўніка. І таўчэм мы гэта і таўчэм.
…Урэшце, азірнуўся на сваю морду. Я не зусім, здаецца, паганы чалавек, а… святых вон вынось. І суцяшэнне, што добрае віно можна піць і ў грубай шклянцы зялёнага шкла. А недзе варушыцца, што лягчэй за ўсё з крыштальнага келіха.
А Маркес усё ж застанецца для мяне тым, выдуманым. А для сябе пакіну, што ў яго добрыя вочы і злом броваў і смяецца белазуба. І яшчэ, што ён падобен на Шата Нішніянідзе, дужа харошага чалавека на маім шляху.