4 ліпеня 1941
Іван Мележ
Будынак, што мы ўсе гады ўпарта будавалі, бурыцца, штодзень цагліна за цаглінай адпадае ад будынка. Цагліны — гарады. Мы ix пакідаем без бою, цудоўныя, зялёныя ўкраінскія гарады. Кажуць, выходзім з мяшка. Дзесяткі гарадоў i сотні вёсак прамільгнулі, ззаду.
Сёння прайшлі Чарткоў. Хутка Заходняя Украіна застанецца ззаду.
Вайна такая непадобная на тую, якой мы яе ўяўлялі. Ой, як сурова яна нас вучыць. Бязлітасна. Я думаў, што бой будзе ісці за кожнае сяло. Думаў, што ў першы ж дзень будзем здорава біцца. Але не, усё наадварот. Прайшло каля паўмесяца, а мы яшчэ не былі ў баі. Вайна яшчэ наперадзе... На аэрадроме ля Тарнопаля нямецкай мінай паранены Маеўскі. Прапаў недзе сержант Леўскі. Радзее наша сям'я. У 1-м дывізіёне 9 чалавек паранена яшчэ 22 чэрвеня. (Ix вайна заспела на баявых стрэльбах. Па шляху з палігона яны папалі пад бамбардзіроўку.)