22 лістапада 1944, Кузьма Чорны | Wir.by

22 лістапада 1944

Кузьма Чорны

Кузьма Чорны

Бадай што ўжо месяц, як у «кватэры», дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень - вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у «пульку». У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва - за апошнія годы паднялося на вялікую вышыню. Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад - яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў вакно і мучуся ў пограбе. Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?

(апошні запіс у дзённіку)

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул