2 лістапада 1942
Іван Мележ
Катастрафічна растаюць мае фінансы. Хадзіў за дапамогай у ваенкамат, не дапамаглі: у ix «на гэта няма законаў». Яны «не могуць браць на сябе адказнасць». На любую просьбу загадзя гатовыя адказы са спасылкай на законы i адказнасць! Непахісная абыякавасць!..
Учора дзяўчаты запрасілі мяне на танцы. У мяне было паўтара рубля.
Некалькі гадзін прабегаў я ў пошуках грошай. У выпадковага ваеннага пазычыў два чырвонцы. Да вечара палову патраціў. У мяне ледзь хапіла на два білеты. А нас было трое — я i дзве дзяўчыны. Добра, шчаслівы выпадак падвярнуўся, усё ўладкавалася. Другой дзяўчыне купіў білет Вася, лётчык, што заходзіў да нас.