13 кастрычніка 1942
Іван Мележ
Упершыню бачыў Волгу. На тым беразе кусты лазы, пясчаныя лысіны, некалькі дамкоў. Шырокая сіняя далячынь. Доўга бадзяўся па Куйбышаўскай. Горад расчараваў мяне.. «Сталіца» 2 мае брудны, шэры выгляд. Безупынна імжыць дождж. Успомніў, што недзе тут жыў Пятро Кудрыцкі. Прыязджаючы дамоў, ён часта расказваў аб Куйбышаве. Зайшоў у адрасны стол. Адказалі, што адрасат — не значыцца.
Недзе тут пасля Фінляндыі ляжаў Саўчык. Але ён даўно дома. Цяпер нікога са знаёмых не знойдзеш. Па ўсім свеце раскіданы.
Быў на перавязачным пункце пры вакзале. З раны выйшаў асколак касці. Але рана сама амаль загаілася. Урач, маладая, з вельмі чыстым i прыгожым тварам, бландзінка, аглядваючы яе, амаль з захапленнем сказала: «Прыгожая якая! Як кляновы лісток!»
Любаванне яе было, падобна, шчырым. Магу ганарыцца, што на плячы такая прыгожая метка. Шкада, што краса гэта схавана пад гімнасцёркай.
Зрэшты, сама ж перавязала рану i вельмі ўмела, пяшчотна.