5 кастрычніка 1942
Іван Мележ
Уся ўзбярэжная паласа ад мора да горада застаўлена ветра рухавікамі. Ix так многа, што строй ix нагадвае прысады з таполяў.
Пры беразе сотні рыбацкіх суднаў з мачтамі, дзесяткі розных параходаў. Гарадок няўтульны, брудны, пыльны. Асфальт на вуліцах увесь у калдобінах. Разбітыя, брудныя тратуары. Пыльныя, шэрыя дрэвы. На рынку — цэны небывалыя. Кілаграм масла — 400 руб., кілаграм памідораў 40 руб. Мяса зусім не відаць. Грошы не ў модзе.
Асаблівай увагай карыстаюцца грузінскі чай, тытунь. За пачак чаю, за 4 р. 50 к., можна купіць літр алею, цвёрдая цана якому — на грошы — 400 руб. Сапраўды, «жизнь — трогательная комбинация».
Мае рацыю Косця-капітан! Казахі ганяюцца за чаем. Спачатку ўзважыць на руцэ, палюбуецца яркай этыкеткай, потым пажуе, пачынае доўга таргавацца.