21 красавіка 1942, Іван Мележ | Wir.by

21 красавіка 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

У выхадны дзень я ўзяў звальніцельную ў горад. Хадзіў па вуліцах з таварышамі. Хутка гэта ўсё надакучыла. Мы стаялі на беразе Данца, які разліўся больш за кіламетр у шырыню. Рака затапіла цэлую вуліцу горада, а на процілеглым беразе станіцу. Людзі з хаты ў хату пераязджалі на лодках, як у Венецыі. На, беразе сабраўся натоўп разявак. Потым мы зноў хадзілі па горадзе, часу было многа, i мы не ведалі, куды яго змарнаваць. У горадзе ніводнага знаёмага, няма куды падацца павесяліцца. Сумна, калі няма сяброў. Старыя засталіся ў Хойніках ці на фронце, а новых мы ў горадзе не набылі. Дні баявога жыцця выхавалі ў нас асабліва моцнае імкненне да дружбы.

Я вельмі рэдка сяджу ў сябе ў пакоі адзін, цягне ў гушчу таварышаў.

Таварыш – гэта друг i брат, бацька i маці, сястра i каханая. З кім дзяліўся б сваімі думкамі, калі б не было таварышаў i дружбы. Толькі вось – таварышы хутка расстаюцца, сыходзяць, губляюцца ў віхуры падзей. Добра б адшукаць ix ды расказаць пра ўсё, пра што перадумаў i чым перахварэў. Але дзе там, не знайсці ix цяпер, па ўсім свеце разышліся!

Седзячы над гэтай кніжкай, я таксама часта думаю аб родных сваіх. Калі мяне не стане, хай бы гэтыя радкі дайшлі да ix, каб яны не мучыліся невядомасцю майго лёсу. Амаль год я нічога не атрымліваў ад ix. Маці, мусіць, ужо даўно пахавала мяне. Хай бы прачыталі ёй пра ўсё i хай бы яна была такою ж спакойнай, як я, ідучы па франтавой дарозе.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул