7 снежня 1942
Іван Мележ
Сёння ў перадачы лістоў з фронту, у якой франтавікі паведамляюць пра сябе i шукаюць родных, нечакана пачуў пісьмо Віктара Шкута. Я ў гэты час займаўся іншай справай, слухаў між іншым, i сэнс пісьма дайшоў да мяне недзе ў сярэдзіне яго. Толькі ў канцы я пачуў, хто піша гэта. I адрас яго: нумар, яшчэ нумар. Я так расхваляваўся, што не запісаў ix, яго адрас. Таму ў душы цяпер разам з хваляваннем ад такой весткі i радасць, i прыкрасць. Трэба ж, зрабіць такі промах, такую ўдачу прапусціў.
Адразу ж напісаў i паслаў у Маскву, на радыё, пісьмо. Прашу, каб паведамілі адрас. Злуюся на сябе i суцяшаюся надзеяй. I ўсё не магу ўцішыць хваляванне ад самога пісьма. Быццам голас з немагчымага свету. Голас з Хойнік, з нашай школы. Увесь дзень я нібы бачу i чую яе, нашых хлопцаў. Быццам зноў вярнуўся той светлы, незваротны час.
Віця Шкут, гордасць школы, выдатнік з 10 класа, лепшы валейбаліст. Я зноў бачу яго i думаю аб ім. Ён быў старэйшы за мяне на клас i здаваўся недасяжным узорам. Зрэшты, на яго з павагай глядзелі ўсе, многія — з захапленнем. Ca школы ён паехаў у Ленінград, у інстытут, паявіўся было ў наступнае лета i зноў знік. I вось аб'явіўся.
Таксама на фронце недзе.
Адзіны школьны таварыш знайшоўся, такі выпадак, а я прапусціў яго.