28 студзеня 1942
Іван Мележ
Другія суткі ідзем. Дарогі замяло снегам. Жанчыны расчышчаюць лапатамі дарогу. Трактар цягне снегаачышчальнік. З драўлянымі лапатамі ланцужком ідуць байцы. Усё дарэмна. Дарогі замятае снегам. Толькі трактары ды павозкі праходзяць. На дарогах, да паловы засыпаныя, стаяць грузавікі. Шафёр расклаў агонь, грэецца.
Пагана ісці ў такое надвор'е. Ногі грузнуць у снезе, слізгаюць. Трэба ісці сцяжынкай. Але мы стаміліся, хістаемся, ногі ступаюць не туды, убок. Сіл няма ісці прама. Дарэмна наперадзе вочы шукаюць сяло — усё снег ды снег, ды тэлеграфныя слупы.