17 снежня 1900
Алесь Адамовіч
«Савецкая ўлада» падзяліць і супрацьпаставіць імкнулася ўсіх, і ўнутры сям'і таксама, яднаючы толькі ў адным памкненьні, стараньні: дагадзіць гэтай уладзе, нават калі загадаюць адрачыся ад бацькоў або дзяцей, неадкладна здрадзіць тым, на каго пакажуць. Ці не з прыроднага пачуцьця ўпартасьці і супраціўленьня гэтаму, зусім інстынктыўна, але з тым болынай нязьменнасьцю Тычынава дачка, наша мама, усё жыцьцё сваё была зьбіральніцай і хавальніцай роду Тычынаў-Адамовічаў, мацуючай сілай. У нас у доме жылі, і па шмат гадоў, усе, каму не было дзе жыць. У вайну сабрала пад сваю страху болын як дзесяць чалавек, і ўсіх трэба было зьберагчы, карміць. Так і павялося — і пасьля вайны. Сваякі, самыя далёкія, ведалі, у каго дзень нараджэньня, калі, хто памёр, а хто вясельле павінен спраўляць, каго памірыць, каго прысарамаціць, каму якія патрэбныя лекі, даведкі, — ад цёткі Ані. Я ўжо ўздрыгваў, калі яна, радасна ажыўляючыся, пытала, вычытаўшы ці пачуўшы па радыё, тэлебачаньні прозьвішча Адамовіч, Тычына: яны, Саша, ня маюць ніякіх адносін?.. Ніякіх да нас, абсалютна аніякіх, мама! Мала, дык я яшчэ атрымліваю ад яе заданьне (такім вінаватым голасам, але ведаю, не супакоіцца, спаць ня будзе, пакуль не здабуду, не памагу, не пазваню, не павіншую) — радні, як у... ня ведаю нават, у каго! Пакінула яна нас, і ўсе потым сталі гаварыць — скардзіцца: нейк радзей сустракаемся, бачымся, гаворым адно з адным. Анічога ня ведаем, што ў каго і з кім што.