24 сакавіка 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

24 сакавіка 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Раніцай – 0. У дзве гадзіны +5. А сонца нясмелае, а вясна – з разводамі. А з зімніх снежных небаскробаў-хмарачосаў (ніколі не бачыў такога запушчанага і бруднага горада як чысцейшы Мінск з гэтай будовай метро; а як збудуем – прывыкнем) – або залежы лёду ў цяні, або снежныя слупы (як у выветраных гарах) самай дзівоснай формы.

Быў на пленуме. Толькі й карысці, што падаў Карпюку рэпліку (ён ваяваў за абраднасць): «Замест папоў – паэты». Не дачуў – дык я раўнуў на ўвесь дом. Пасля забраў з машынкі «Маці ўрагану», прыехаў на таксі дадому. А ахвотна-ахвотна паблукаў бы, каб не столькі работы. Думаў, за зіму спраўлюся – чорта!

Паўсюль дэвальвацыя ўсяго. Ва ўсходнеславянскія сярэднія вякі кошка, напрыклад, каштавала даражэй за каня і толькі крыху дзешавей за вала, працаўніка і памочніка. Кошкам была лафа! Паспрабаваў бы тады хто-небудзь утапіць жывы капітал, кацянят? Ого! А цяпер?

Тое самае і з грашыма, і з паэтамі. Раней на іх хаця прылюднай плахі не шкадавалі, і ў гэтым была павага. А цяпер – хіба што дзярмом зальюць. Ну, шчыра кажучы, самі і вінаватыя. Быў паэт або бог, або годны вораг.

А засталіся толькі вечныя (іх заўсёды хапала) лізаблюды. А астатніх так мала, што, можа, й не варта ўспамінаць. І каты, і арыстакраты, і паэты ў стадыі глыбокага падзення. Усіх хоць пруд прудзі.