10 красавіка 1982, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

10 красавіка 1982

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Надвор’е скача то вышэй, то ніжэй нуля. Да 4 г. пісаў манарым Розе [Бяловай] на дзень нараджэння (па-руску). Устаў позна, пакуль перапісаў – 14 г. Прыйшло таксі і паехалі да Генкі. Брыдкі шэры дзень і часам такі жудасна-густы белы снег з ветрам, зарадамі, што жудасць. А пасля шызыя хмары адыходзяць, і ў разрывах сіняе неба.

Ехалі аўтобусам новымі мікрараёнамі (я іх не бачыў), паўз новыя рэстараны (я ў іх не хадзіў). Відаць, у кожным горадзе: Оршы, Арэнбургу, Кіеве, Маскве, цяпер у Мінску – я застаюся жыхаром гістарычнага ядра. Пасля дарога. І яе ледзь пазнаю, а там жа было паходжана па вёсках з дзеўкамі (была ў тыя часы такая мода), там жа было пагуляна, пабіта (у сэнсе боек). Спіць яшчэ многае. Хіба чахлыя коціці на вербах. А ў лесе яшчэ лапікі снегу. Часам вялікія, а часам з пятак. У Раўбічах (і собіла ж мне недзе ў сярэдзіне 50-х гг., калі хадзіў туды пешшу і быў там адзін касцёл над рэчкай, лес да возера, выбраць гэтае месца, толькі месца як нешта набліжанае да маіх Раўбічаў. І раман напісаў. А тут праз дзесяць год собіла камусьці пачаць там будаваць спартыўны комплекс. Можа, і яму падабалася месца і назва, вядомая праз мяне, таксама зрабіла сваё. Хто ведае? Толькі я шчаслівы, што хаця аднавілі касцёл, які пад час маіх вандраванняў быў – каробка ў густым лесе, здзічэлай шыпшыне і бэзе); у Раўбічах былога дзікага майго ачаравання, за якое я так любіў гэта месца, – няма! І маёй Беларусі няма, а ёсць спартыўны комплекс. І зала з камінам, дзе рабілі банкет Розін, – зала адзінае маё суцяшэнне. Амаль не сядзеў з людзьмі, а сядзеў ля агню і глядзеў то ў яго, то ў вокны, за якімі то па-зімоваму церусіла і валіў снег (а вакол былі камень, качэргі і шчыпцы, як у дзяцінстве, і агонь, які рваў з каміна ў комін), то праяснялася і глядзела ў шыбы зануранае неба прадвесня, замучанага, халоднага, усяго ў цязе да жыцця (і зноў жа агонь у каміне). Усё б аддаў за хату з камінам і каб хадзіць не за гумно. З цяжкасцю адарваўся ад агню, праводзячы пляменніцу дадому. У яе вось-вось… Ці будзе яшчэ гэта дзіця ведаць адкрыты агонь, любіць яго да сціскання сэрца, ведаць радасць хаджэння босым па незасмечанай траве. І ведаць радасць незасмечанай роднай зямлі, чыстай водамі, паветрам, небам і душамі.

Ехалі назад. Сутонне было. Снег скончыўся, і была прамытая зеленаватая цішыня над бярэзнікамі, яснасць і халадок у душы. Адна з улюбёных маіх дарог, бо тут нейкі невядомы калісь зрабіў дарогай загагуліну, каб абагнуць адзін-адзіны дуб. І я гэтаму невядомаму кажу «дзякуй». Можа, у астатнім жыцці быў гэтага не варты. Але вось за адно імгненне.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул