17 лютага 1942
Іван Мележ
Ніяк не ідзе з галавы думка пра дзяўчыну, што сустрэў у вагоне.
Мы спачатку жартавалі з ёй, пыталіся, куды едзе, адкуль. Дзяўчына нам не адказвала. Потым мы пачалі між сабой успамінаць франтавыя эпізоды. Яна слухала. Раптам, нібы выпадкова, выняла ваенны білет.
Чаму білет – зацікавіла нас. Яна сказала, што хутка паедзе на фронт, медсястра. Мяне парадавала, што яна добра глядзіць на жыццё. Яна разумела, як цяжка на фронце. Такія будуць моцнымі. Аказваецца, працавала ўжо ў шпіталі. Выратавала некалькі раненых. Раненаму хацелі адрэзаць руку, яна сказала яму – каб не дазваляў – i вылечыла... Неяк у гутарцы яна сказала, што вайсковым не верыць, яны ашукваюць. Яна амаль мае рацыю. Насумаваўшыся па дзяўчатах на фронце, многія з нас кідаюцца да першай, хто трапіцца, а трапляюцца тыя, хто сам шукае; таму легка здраджваюць ім. Добра, я застаўся «нягрэшным», але мне не раз хацелася дружбы добрай, сумленнай дзяўчыны, сэрца прасіла ласкі. У Мілерава яна сышла. I быццам нечага не хапала, сумна. Лаю сябе, чаму не папрасіў адрас, трэба было сказаць, што яна добрая, каб i далей была такой.