2 ліпеня 1965, Уладзімір Караткевіч | Wir.by

2 ліпеня 1965

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Учора вечарам прыходзіла Мірдза: прыехала на свята. Відаць, давядзецца аддаць ёй адзіны білет. Што ж, ладна. Спадзяюся, што ў 2042 годзе мне дадуць білет на дзве асобы, а можа, і на гасцей.

Сёння 14℃ і безвылазны, безнадзейны дождж. Лье і лье, неба шэрае, вада бубніць у рамах і аб шыбы, і чорт ведае, чым усё гэта скончыцца. Адно ведаю цвёрда: сенажаці па нізінах прапалі. Устае ціхая ярасць на неба. На рацыён пустапляса гэтая агіднасць аніяк не паўплывае, хутчэй наадварот, з большым смакам будзем есці. А вось над чым будзе ляскаць зубамі каняга?

Атрымоўваецца, што за рэшту жыцця я прачытаю ўсяго 15 000 кніг. Чытаю 47 год. Палучылася, што каля 5 000 кніг прачытаў. Лухта. Чытаю на тыдзень 4 — 5 вялікіх і малых кніг. У год — 260. За 47 год свядомага чытання 13 000 кніг. Мала, кропля ў моры.

Ну, скажам, пражыву яшчэ год 10.

2600 кніг за гэты час. Ну 3 тыс. А ўсяго, зн. 13 000 + 3 = 16 000 кніг, а колькі ж іх, выдатных? Як мала часу!

За род свой беларускі, горды,

І за Дняпро наш маладзецкі

Шпурляў чужым хамові ў морды

Гаўрыла Йванавіч Гарэцкі.