24 кастрычніка 1942, Іван Мележ | Wir.by

24 кастрычніка 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Быў на кірмашы. На «таўкучцы». Пайшоў у надзеі што-небудзь купіць. Купіў шкарпэткі за 300 рублёў. Грошай у мяне засталося зусім мала. Цэны на тавары страшэнныя. Жанчына прадае світэр. «Колькі?» — «Тры»,— коратка адказвае яна, i я здагадацца не магу — тры сотні ці тры тысячы. Я доўга хадзіў вакол, не адважваючыся паказадь такую сваю непрактычнасць, пакуль даведаўся, што світэр каштуе тры тысячы. Дзед з сівеючай бародкай, у чорнай вушанцы, з лапцямі пад пахай. «Што прадаеш?» — пытаецца пажылая дзябёлая жанчына з кошыкам у руцэ. «Сябе прадаю»,— жартуе дзед. «Ды каму ты, стары чорт, патрэбны. Я i то такога старога дарма не ўзяла б. Ужо калі браць, дык маладога, такога»,— яна паказвае на мяне. «Чаму толькі адну пальчатку прадаеце?» — спытаў я адну жанчыну. «Ранетых многа, бязрукіх, а нашто ранетаму, у якога адна рука, дзве пальчаткі?»

Я аддаў гімнасцёрку памыць. Апрануў чырвоную тбіліскую футболку. Каўнер шыняля зашпіліў, каб не былі відаць адкрытыя грудзі. У дзённай штурханіне я забыўся пра гэта. Увайшоў у цырульню, пагаліцца, расшпіліў шынель, i мароз прабег па скуры. Толькі цяпер успомніў, але было позна, на мяне глядзелі. Я распрануўся i сказаў: «Не магу насіць гімнасцёркі, рана баліць». Не ведаю, як смешна я выглядаў збоку ў футболцы ў такую пару... Мне трэба купіць хоць бы пару бялізны на змену. З гэтага пачнём. Вясёлае жыццё.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул