27 ліпеня 1942, Іван Мележ | Wir.by

27 ліпеня 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Поезд ад Махачкалы ішоў уночы. Вагон драмаў. А я сядзеў ля акна i глядзеў — побач было мора. Яно амаль падыходзіла да насыпу.

Ноч была светлая, i мора было добра відаць. У змроку ночы на бераг накатваліся белыя палосы пены.

Я ўпершыню бачыў мора. Хоць на фронце быў недалёка ад Чорнага мора, але так i не ўбачыў яго. Убачыў мора ўпершыню тут.

Каспійскае.

Поезд ішоў павольна. Часам спыняўся, чакаў, пакуль шлях стане вольны. Тады было чуваць, як шуміць мора. Спакойна, велічна. Яно быццам дыхала.

Уночы праязджалі Дэрбент. Назва, якая нагадала дзяцінства («Дэрбент — Калуга»). Баку не бачыў. Праспаў.