25 верасня 1942
Іван Мележ
Я прайшоў камісію. Мне далі водпуск на 6 мес. З пераасведчаннем праз 6 месяцаў.
Увечары мы — Лена, Зіна i я — адправіліся ў кіно. У апошні раз утраіх.
Пасля кіно мы правялі Лену. Над горадам стаяла светлая месячная ноч. Па плошчы, не запальваючы агнёў, упэўнена прабягалі аўтамашыны. Лена раптам сказала: «Вы што-небудзь гаварылі пра нас з Жэняй?» — «Не памятаю. Здаецца, не было гаворкі. А чаму?» Колькі я ні прасіў, яна не сказала больш нічога, акрамя таго, што Жэня гаварыла з імі пра мяне i гэтая размова непрыемная мне. Яны пастараліся перамяніць тэму. Прымусілі пакапацца ва ўспамінах. Праз некаторы час я зноў паспрабаваў высветліць, што ж затаілася. Зноў — тое ж глухое недавер'е. Мы ўжо прыйшлі да дома Лены, вярнуліся назад на плошчу. Было каля дзесяці, трамваі i тралейбусы ўжо не хадзілі.
Разыходзіцца не хацелася. Паміж намі халадком павявала затоенае. Нарэшце Лена выказала свой план. Перад ад'ездам яны мне ўручаць пакет, які я прачытаю тады, калі буду па-за горадам. «Абяцайце выканаць»,— паўжартам, паўсур'ёзна патрабавала яна. «Клянуся».— «А калі не паедзеце?» — «Абяцаю вярнуць пакет, не расчыняючы». Так мы вырашылі i разышліся. Пешкі мы з Зінай прайшлі паўгорада. Яна мне паказвала будынкі, вуліцы i то расказвала ix гісторыю, то дзялілася ўспамінамі, якія яны выклікалі.