29 лістапада 1941
Іван Мележ
Стаім усё там жа. Немцы шалёна супраціўляюцца. Авіяцыі амаль не відаць. (Можна палюбавацца яснымі асеннімі днямі.) Але ў немцаў з'явіліся танкі. Кажуць, моцна пабілі камандны пункт 1-га дывізіёна.
Гэтыя дні цягнуцца ў чаканні танкаў.
Баяцца i трывожыцца я ўжо не магу. Дзіўна, але боязі зусім няма. Сяджу спакойна ў сваім заканурку, цёпла (дзякуй — родная зямля грэе i аберагае). Па начах дзяжуру. Холадна. Але горш тое, што ў цішы неадменна выплываюць нярадасныя думкі, успаміны. Я не магу ўратавацца ад ix. Тады становіцца цяжка. Тады здаецца, што нестае цярпення далей цягнуць нярадасную, бясконцую нітку такога жыцця, няпэўную, слабую, гатовую ў любую хвіліну абарвацца. Можа, усё дарэмна. Канца не відаць. Ці блісне нарэшце ясны дзень, калі ўсё трывала стане ў свае месцы, як раней? Я столькі чакаў адказу на гэта пытанне, але мінула ўжо больш за пяць месяцаў, а ясны дзень такі ж далёкі, як i ў пачатку вайны... Менш думак, больш вытрымкі, — цярпенне, цярпенне. Ты ж салдат!