6 лютага 1942, Іван Мележ | Wir.by

6 лютага 1942

Іван Мележ

Іван Мележ

Адолелі цяжкі саракакіламетровы шлях ад Чырвонага Лімана да Нованікалаеўкі. Трэба далей ісці – няма па чым. Адну гармату праз снежныя гурбы ледзь дацягнулі да сяла. Другая гармата засела на дарозе. Прыйшлося пасылаць трактар. Потым трактар пайшоў за кухняй. Назад ён не вярнуўся. Добра, што непадалёк ад вёскі заглух. Трактарыст Заічанка прыйшоў цёмнай ноччу адзін, без трактара, другі трактарыст застаўся вартаваць. Паслалі трактар, каб выцягнуць кухню i трактар. Заічанка сядзіць ля пліткі, грэецца i кажа: «Я ж казаў. Хіба можна доўга так ганяць трактары. Такой нагрузкі ні адзін трактар не вытрымае. Ірвеш, ірвеш над сілу. За такую работу ў другой абстаноўцы судзілі б». Так, трактарыстам у нас дастаецца больш за ўсіх. Вось i заўтра на 40-градусным марозе Заічанка i Кручкоў будуць цэлы дзень корпацца ў халодным трактары, абмарожваць пальцы, лаяцца, праклінаючы i мароз, i трактар. Калі трываць не стане змогі, прыйдуць, абагрэюцца ля пліткі, пасварацца, каб адлягло на сэрцы, i пойдуць зноў i абавязкова зробяць усё, «вылечаць» трактар! Так яны рабілі не раз. Сустрэўшы разбіты трактар, здымаюць неабходныя часткі. Заічанка дзесятак серг беражэ ў запасе. Рамантаваць даводзілася i даводзіцца вельмі часта. На старых разбітых трактарах яны вядуць нашы гарматы па ўсіх дарогах, пакуль не выціснуць з машын сваіх апошнія сілы... Дык вось, стаім у Нованікалаеўцы, у цеснаце, напаўгалодныя. Усе дарогі замецены, лютуе завіруха, цісне мароз.

Пайшлі павозкі за прадуктамі. А пяхота па сумётах прабіраецца наперад, у снежную замець, у самы цяжкі час, ноччу падкрадваецца да сяла, дзе немцы.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул