Восем вершаў Багдановіча | Wir.by
Павел Латушка, Андрэй Хадановіч, Сяргей Будкін, Павел Харланчук, Міхаіл Бараноўскі, Вальжына Морт і Наста Кудасава назвалі свае любімыя вершы Максіма Багдановіча.

У гэтай падборцы ёсць і прэм’ера: упершыню па-беларуску публікуем пераклад верша «Забудется многое, Клава», зроблены Андрэем Хадановічам.

Выява Ганны Бучко паводле літаграфіі «Максім Багдановіч» Антаніны Лапіцкай.
Восем вершаў Багдановіча

Восем вершаў Багдановіча

Андрэй Хадановіч

Паэт, перакладчык

* * *

Забудзецца многае, Клава,

Ды памяць забыцца не дасць,

Што ў сэрцы кіпелі, як лава,

Сумота і сорам, і страсць!

Як ты ў цёмна-сіняй хусціне

Спявала… і доўжыцца спеў:

Пакінула ўсё, не пакіне —

Мой сон, што дасніць не паспеў.

1915

(пераклад з рускай Андрэя Хадановіча)

* * *

Ты доўга сядзела за сталом

Нерухомая, скамянелая.

І чутна у цішы было,

Як стукае гадзіннік мерна,

Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы

І як у капяжы бяжыць струя вады.

А ты ўсё сядзела,

Хацела — і не мела сіл

Адвесці свае вочы

Ад чорнай рамкі ў газеце, —

Бяздоннай студні,

Ўшчэрць поўнай гора і слёз.

1914

Павел Латушка

Дыпламат, купалавец

* * *

Народ, Беларускі Народ!

Ты — цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма

І душу тваю абакралі,—

У ёй нават мовы няма.

Збудзіўшысь ад грознай бяды,

Ўвесь поўны смяротнай жуды,

Ты крыкнуць не вольны «Ратуйце!»

І мусіш ты «Дзякуй» крычаць.

Пачуйце жа гэта, пачуйце,

Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!

1913

Сяргей Будкін

Журналіст, прадзюсар

Эмігранцкая песня

Ёсць на свеце такія бадзягі,

Што не вераць ні ў Бога, ні ў чорта.

Ім прыемны стракатыя сцягі

Караблёў акіянскага порта.

I няма ім каго тут пакінуць,

Бо нікога на свеце не маюць.

Ўсё ім роўна: ці жыць, ці загінуць, —

Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краях незнаёмых,

Ды зазнаць там i шчасця i гора,

I загінуць у хвалях салёных

Белапеннага сіняга мора.

Але мы — не таго мы шукаем,

He тагo на чужыне нам трэба.

He рассталіся б мы з нашым краем,

Каб было дзеля нас у ім хлеба.

I на вулцы пад грукат, пад гоман,

Дзе натоўп закруціўся рухавы,

Нам маячыцца вёсачка, Нёман

I aгні партавыя Лібавы.

1914

Павел Харланчук

Купалавец

* * *

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.

Няхай усе з мяне рагочуць.

Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я,

Мне сонца асляпіла вочы.

1912

Міхаіл Бараноўскі

Музыка, паэт

* * *

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць нашае сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

1915

Вальжына Морт

Паэтка

Шынок

З Поля Верлена

Жану Марэасу

Ўжо кроўю ногі пыл шасы гарачай росяць,

І ўраз — чырвоны дах, мур белы між цянька.

І вывеска «Спакой» — вясёлы знак шынка…

Ёсць мяккі хлеб, віно і паспарту не спросяць.

Тут спяць, пяюць і п’юць, тут кураць і галосяць.

Шынкар — стары салдат; шынкарка ж даць шляпка

Ці вымыць твар хлапцам спяшыць, — іх больш пятка,

Вясёла кажучы, бо збыткаў мае досыць.

Ў каморы чорны столь з бярвенняў; па сцянам

Малюнкаў страшных рад: «Кароль чараўнікам»,

«Малек Адэль»… Баршчу пах добры павявае…

Вы слышыце? Саган, здаецца, ўжо чуваць;

Як ён гадзінніку вясёла падпявае!

Даль поля праз акно адкрытае відаць.

1911—1912

Наста Кудасава

Паэтка

Пагоня

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За Краіну радзімую жах, —

Ўспомню Вострую Браму святую

І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, —

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі — гады.

Вы за кім у пагоню спяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся

За тваімі дзяцьмі уздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх, — бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!

Не усцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, ты прымі свайго сына,

За цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

1916

Літаратура
Паэзія
Беларусь
XX стагоддзе
Максім Багдановіч