6 песень беларускага пратэсту | Wir.by
«Тры чарапахі», «Калыханка», «Пагоня», «Купалінка» і іншыя песні, якія спяваюць на вуліцах Беларусі. Расказваем іх гісторыі разам з праектам Арзамас.
6 песень беларускага пратэсту
arzamaslysienkabadzei
Arzamas,Лізавета ЛысенкаМарыя Бадзей

6 песень беларускага пратэсту

Пагоня

Тэкст Максіма Багдановіча, музыка Мікалая Шчаглова-Куліковіча

Аўтар

Максім Багдановіч (1890–1917) — адзін з найважнейших беларускіх паэтаў. Калі на пачатку ХХ стагоддзя беларускія літаратары пісалі выключна пра сацыяльныя праблемы, то Багдановіч — першы беларускі паэт-эстэт, якога цікавіла «чыстая краса» і які ўвёў у беларускую літаратуру класічныя формы еўрапейскай паэзіі: санет, трыялет, рандо.

Багдановіч нарадзіўся ў Беларусі, а калі яму было пяць гадоў, сям'я пераехала ў Расію: спачатку яны жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, потым у Яраслаўлі. Беларускую мову ён вучыў самастойна і вярнуўся ў Беларусь ужо сталым паэтам.

Песня

«Пагоня» — назва вайсковага звычаю: паводле легенды ён быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі ў Сярэднія Вякі. Прымежныя паселішчы часта пакутавалі ад набегаў крыжакоў або татар. Усе мужчыны кідаліся ў конную пагоню ўслед за нападнікамі, каб вярнуць скрадзенае і вызваліць палонных.

Выява вершніка з мячом на белым кані стала важным нацыянальным сімвалам у Беларусі і Літве.

Верш «Пагоня» Багдановіч піша ў 1916 годзе ў прыфрантавым Менску, ужо ведаючы пра тое, што смяротна хворы на сухоты. Гэта пагоня не ў прасторы, а ў часе («У бязмежную даль вы ляціце, а за вамі, прад вамі — гады») за самімі беларусамі, якія нічога не памятаюць пра сябе і сваю краіну: «Мо яны, Беларусь, паняслiся / За тваiмi дзяцьмi наўздагон, / Што забылi цябе, адраклiся, / Прадалi i аддалi ў палон?». Мэта гэтай пагоні — адбіць сваё і сваіх, не даць беларусам быць чужымі, зрабіць так, каб яны адчулі боль за сваю зямлю, як яго адчувае Багдановіч: «Бiце ў сэрцы iх — бiце мячамi, / Не давайце чужынцамi быць! / Хай пачуюць, як сэрца начамi / Аб радзiмай старонцы балiць». Рэфрэнам гучаць словы пра тое, што гэтую пагоню за беларусамі ўжо «не разбіць, не спыніць, не стрымаць».

Многія кампазітары прапаноўвалі свае варыянты музыкі для «Пагоні», у тым ліку Уладзімір Мулявін і Лявон Вольскі. Але кананічнай стала ўрачыстая версія для харавога выканання, напісаная беларускім кампазітарам-эмігрантам Мікалаем Шчагловым-Куліковічам.

Купалінка

Тэкст Міхася Чарота, музыка Уладзіміра Тэраўскага

Аўтары

Аўтар мелодыі, заснаванай на народных матывах, — Уладзімір Тэраўскі, музычны кіраўнік Першага беларускага дзяржаўнага тэатра. У 1921 годзе паэт Міхась Чарот напісаў для тэатра музычную п'есу «На Купалле», у якой і прагучала «Купалінка». Чарот зрабіў паэтычную апрацоўку тэксту народнай песні, а Тэраўскі стварыў музыку. Спектакль меў каласальны поспех і вытрымаў каля 400 паказаў. У канцы 1930-х абодвух аўтараў расстралялі, а іх імёны забыліся: словы і музыку было прынята называць «народнымі» нават пасля рэабілітацыі аўтараў у 1956–1957 годзе.

«Купалінка» — своеасаблівая музычная візітоўка Беларусі. Яе спявалі і «Песняры», і «Deep Purple». Гэту «народную» песню ведае кожны беларус — і зусім не кожны ведае, што ў яе ёсць аўтары.

Песня

Лірычная гераіня «Купалінкі», якая «ружу поліць, белы ручкі коліць» і «кветачкі рвець, вяночкі звівае, слёзкі пралівае» стала нацыянальнай персаніфікацыяй Беларусі як краіны з прыгожым і журботным жаночым абліччам.

Магутны Божа

Тэкст Наталлі Арсенневай, музыка Мікалая Равенскага

Аўтары

Паэтка Наталля Арсеннева напісала верш «Малітва» ў 1943 годзе ў акупаваным немцамі Мінску. У 1947 годзе верш паклаў на музыку кампазітар Мікалай Равенскі. У ваенныя гады Равенскі працаваў у царкоўным хоры горада Чэрвень і пісаў музыку для малітваў. Уплыў царкоўнай музыкі адбіўся на гучанні гімна, хаця музыка на верш Арсенневай была напісана ўжо ў эміграцыі. Відаць, тады ж ён атрымаў назву па першым радку.

Песня

Адразу пасля вызвалення Беларусі ад акупацыі і сканчэння Другой сусветнай вайны (1944-1945 год) адбылася хваля эміграцыі беларусаў спачатку ў краіны Заходняй Еўропы, а адтуль ў ЗША і Канаду. Асноўнымі групамі эмігрантаў былі былыя остарбайтары, якія вырашылі не вяртацца ў СССР, а таксама інтэлігенцыя антыкамуністычных поглядаў. У ЗША і Канадзе беларуская дыяспара актыўна займалася захаваннем і развіццём беларускай культуры і палітычнай дзейнасцю

Першапачаткова гімн пасляваеннай беларускай эміграцыі, які вярнуўся на радзіму толькі ў 1990-я гады, з часам стаў рэлігійным гімнам Беларусі — яго выконваюць не толькі свецкія музыкі, але і хор у праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх цэрквах да пачатку службы і пасля яе.

У тэксце песні Беларусь характарызуецца як ціхая і ветлая зямля: «над Беларусяй ціхай і ветлай / Рассып праменні свае хвалы». Верш пералічвае тыя каштоўнасці, якія сталі асабліва важнымі для Арсенневай падчас жыцця ў акупаваным Мінску. У сваіх мемуарах пра гэтыя часы яна пастаянна вяртаецца да таго, што, нягледзячы на цяжкасці, трэба было займацца развіццём беларускай культуры: перакладаць вершы, пісаць лібрэта опер і п'есы для Мінскага тэатра. Гэтыя каштоўнасці — спор у штодзённай працы, павага, вера ў праўду і будучыню: «Дай спор у працы, будзённай, шэрай», «Павагу, сілу і веліч веры, / У нашу праўду, у прышласць — дай». Першапачаткова ў тэксце былі словы «зрабі магутнай, зрабі шчаслівай», аднак пасля аўтар замяніла слова «магутнай» на «свабоднай».

Калыханка

Тэкст Генадзя Бураўкіна, музыка Васіля Раінчыка

Аўтары

У 1970-я гады беларуская мова ўсё радзей гучыць на вуліцах гарадоў: у школах і ўніверсітэтах выкладаюць на рускай, руская пераважае на тэлебачанні. У 1978 годзе Беларускую тэлерадыёкампанію ўзначальвае Генадзь Бураўкін, які вырашыў зрабіць тэлебачанне беларускамоўным. Адзін з яго праектаў — вечаровая перадача «Калыханка», у якой дзецям чыталі казкі і паказвалі мультфільмы. Тэкст калыханкі для застаўкі Бураўкін напісаў сам, а музыку стварыў кампазітар Васіль Раінчык.

Песня

«Калыханка» — песня, якую некалькі пакаленняў беларусаў слухалі перад сном апошнія сорак гадоў. Для многіх дзяцей, якія нарадзіліся ў рускамоўных гарадскіх сем'ях, «Калыханка» — першае, што яны пачулі па-беларуску. Гэта песня з яе мовай, якая нагадвае пра ўтульны свет дзяцінства («зоркі-сплюшкі», «вачаняты», «ціха-ціхенька»), стала ўвасабленнем свету, у якім перамагаюць дабро і справядлівасць.

Тры чарапахі

Тэкст і музыка і музыка Лявона Вольскага

Аўтары

Пад скарачэннем хаваецца назва «Незалежная Рэспубліка Мроя»

N. R. M. — першы паспяховы беларускі рок-гурт, які існуе з 1994 года і неаднаразова выступаў з крытыкай уладаў (за гэта выступы N.R.M. былі забароненыя).

Песня

Песня «Тры чарапахі» з'явілася ў 2000 годзе на аднайменным альбоме і адразу стала «народнай»: гітарысты-пачаткоўцы развучваюць яе разам са «Звездой по имени Солнце». Гэтую песню выконваюць у дварах, на хакейных гульнях і маршах пратэсту. Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў расказваў, што тэкст песні з'явіўся з жарту: «Выходзіць Ельцын і кажа: "Расійская дзяржаўнасць стаіць на трох кітах". Яго пытаюць: "На якіх жа?" А ён адказвае: "На першым... другім... і трэцім кіце"».

Радкі «каб любіць Беларусь нашу мілую маму трэба ў розных краях пабываць» — крыху змененая цытата з песні «Жураўлі на Палессе ляцяць» савецкага ансамбля «Песняры», чыю манеру парадзіруе саліст гурта Лявон Вольскі. Радкі «Не было Галілея, ні Боба Марлея, не было Сальвадора Далі, ні Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінэя, а кіты-чарапахі былі» нагадваюць пра тое, што ў Беларусі працягваюць жыць архаічнымі паняццямі. Аднак мажорная танальнасць песні і бадзёры прыпеў «Гэй-ла-лай, ты не чакай, сюрпрызаў не будзе» ствараюць вясёлы настрой. У 2006 годзе Лявон Вольскі трошкі змяніў прыпеў: замест «сюрпрызаў не будзе» музыкі сталі спяваць «чаканне дастала».

Простыя словы

Тэкст Міхала Анемпадыстава, музыка Лявона Вольскага

Аўтары

У 1997 годзе вядомыя беларускія рок-музыкі, у тым ліку Лявон Вольскі, запісваюць альбом-п'есу пад назвай «Народны альбом». 27 песень апавядаюць пра штодзённае жыццё беларускага мястэчка ў міжваенны перыяд.

Дзеянне адбываецца на мяжы Польшчы і СССР, якая праходзіла пасярэдзіне Беларусі: сярод герояў кантрабандысты і выкшталцоныя паненкі, гандляры і настаўнікі, карчмары і польскія шпіёны. Апроч беларускай мовы, у тэкстах песень гучыць трасянка, а таксама руская мова, польская ды ідыш. Згодна з задумай аўтараў песні павінныя былі гучаць так, нібыта іх напісалі ў 1930-я гады (пры гэтым там сустракаецца мноства спасылак на культуру ўсяго ХХ стагоддзя — ад мультфільма пра Болека і Лёлека да AC/DC).

Песня

Самая вядомая песня «Народнага альбома» — «Простыя словы»: яе спяваюць на выпускных, яна гучыць у рэкламе мабільнага аператара, на дыскатэках і вячорках, каля вогнішчаў і ў дварах. Гэта песня пра бацькоўскі дом — «У доме бацькоўскім ўсё так знаёма. / Ёсць чым сагрэцца, ёсць дзе схавацца / ў доме бацькоўскім, у матчынай хаце» — заканчваецца як калыханка: «Дабранач, паненкі, дабранач, панове». Галоўная думка — гэта тое, што няма сэнсу ісці за ідэалогіямі з іх «складанымі» словамі. Усялякія «-ізмы» застаюцца ў ХХ стагоддзі, і значна важней асабістае, утульнае і пазачасовае: «хлеб на стале, полымя ў печы», сіні прыцемак, сям'я, «простыя словы, простыя рэчы».

Музыка
Беларусь
Сёння
Наталля Арсеннева
Генадзь Бураўкін
Лявон Вольскі
Максім Багдановіч
Міхась Чарот