Дванаццаць вершаў Караткевіча | Wir.by
Мікалай Пінігін, Андрэй Хадановіч, Максім Жбанкоў, Ганна Севярынец, Альгерд Бахарэвіч, Наста Карнацкая, Андрэй Жвалеўскі, Віктар Жыбуль, Вера Жыбуль, Сяргей Кавалёў, Антон Рудак назвалі свае любімыя вершы Уладзіміра Караткевіча.
Дванаццаць вершаў Караткевіча

Дванаццаць вершаў Караткевіча

Мікалай Пінігін

Рэжысёр, купалавец

Быў. Ёсць. Буду

Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых і за тых, што сканалі.

За ўсіх, хто крывёю піша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

І з плахі.

Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе усмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —

Храм наш агульны і светлы.

А калі ён горда заззяе ў зеніце —

Непарушны — ўзнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей не трэба.

І няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей не страшыць

На граніце любові,

На граніце світанку,

На граніце велічы вашай.

Андрэй Хадановіч

паэт, перакладчык

З зорнага сяйва і пены крывавай, або Паэма аб павароце стырна

І

Арцюру Рэмбо і ўсім іншым,

якія яшчэ не ведалі

Судна да порта далёкага йшло

Па чырвонай пеннай вадзе.

Сто капітанаў на ім было,

Мільён матросаў на ім было,

Два мільярды «іншых» на ім было,—

Пасажыраў, звычайных людзей.

І хоць сваркі ўспыхвалі часам на ім,

І грымеў пісталетаў гул,

І чарніў зялёныя ветразі дым,

І сыцелі чароды акул,—

Кроў пасля ўсё адно змывалі валы,

Бак і ют ставалі як шкло,

І востраў далёкі ўставаў з імглы,

А за ім — зялёны ўставаў з імглы,

А за ім — блакітны ўставаў з імглы,

І пальмы білі паклон.

І ваякі сыходзілі на астравы,

Йшлі з жанчынамі ў нетры лясоў,

І былі пацалункі ў джунглях травы,

Як свежых какосаў сок.

А калі ў спустошана-шчасных снах

Пачынала хістацца зямля,—

Ім хацелася зноў у далёкі шлях,

На палубу карабля.

Зноў Венеры серпік дрыжэў над вадой,

Марс квітнеў, як барвяны мак,

І ў святле кахання над іх галавой

Весяліўся ўвесь Задыяк.

Поўнай мерай на Шалях важылі ім

Серабрыстых вясёлых Рыб,

Стралец ганарыўся ўмельствам сваім,

Перад Дзевай склаўшы дары.

Казярог пад совусам марыў пра нож,

А ляжаў на-мярцвецку, як Ной.

Вадалей вадой разбаўляў віно,

Як загадчык раённай піўной.

Судна шчасна плыло дарогай марской,

Дарогай краін і вякоў

Да пуцяводнай зоркі сваёй,

Да летуценнай зоркі сваёй,

Да адзінай на свеце зоркі сваёй,

Імя каторай — любоў.

ІІ

Ў моры плыве карабель-невідзімка,

Згас за марамі Альдэбаран...

З зорнага сяйва, расы і дымкі

Шлях пралягае за акіян.

Ванты спяваюць, ванты спяваюць.

Бездань марская, як зыбкае шкло.

Ў кожнага зорка ёсць залатая, —

Толькі ў мяне няма, не было.

Што мне без зоркі хвала і слава

І запаветная недзе зямля?

Пенай крывавай, пенай крывавай

Сэрцу здаецца след карабля.

Ён застывае, як гнеўная лава,

Ён узнікае, як вечны падман.

З зорнага сяйва і пены крывавай

Шлях пралягае за акіян.

Дзе ты, далёкая і белапенная,

Ў сонцы народжаная і расе?

Клічу і клічу цябе, як сірэну

Клікаў прывязаны Адысей.

І заўважаюць адчайныя вочы:

Як па нацягнутай звонкай струне,

З самай мяжы паміж днём і ноччу

Нехта па хвалях ідзе да мяне.

Цягне з туманаў ломкія рукі,

Сонца нясе мне празрыстай рукой,

Ўстаўшы як радасць, як песня, як мука,—

З зорнага сяйва і пены марской.

[1957 г. ?]

Вадзянік

Кліч нясецца над сеткай зялёных дрэў,

Над зялёнай вясновай вадой,

Гэта вечны покліч, пяшчотны спеў,

Гэта бег крыві маладой.

Заклікае ў гушчар сяброўку алень

І пяе салавей “люблю”,

Ад гульні матылькоў чырванее пень,

Бо любоў прыйшла на зямлю.

Блізкі бераг у сініх прыцемках знік,

Што ахуталі нас неўспадзеў.

Нават слізкі старэнькі цар-вадзянік

Напрадвесні памаладзеў.

Ён цікаўным вокам глядзіць з глыбінь,

Азірае бераг ракі,

Дзе сыходзяць пары ў начную сінь

І ўплятаюцца сны ў вянкі.

Пад гарачай поўняй і млын стары

Абымшэлыя грэе бакі,

Ад кахання прагі млеюць віры

І хвалююцца вадзянікі.

Наш пражыў стагоддзі і бачыў усіх,

Што прыйшлі, а потым сышлі,

Ён праводзіць і гэтых, покуль жывых,

Пад зялёную корку зямлі.

Ён жа мудры, ён знае, каму з лілей

Не ажыць наступнай вясной,

Дык чаму ён сумна глядзіць далей

І зайздросціць долі зямной?

Ён глядзіць з вады на зямную страсць,

На жыццё паміж чарацін –

І халодную вечнасць вось-вось аддасць

За людзкі пацалунак адзін.

Ён, што зведаў зімы гора з бядой,

Сёння зноў даў веры вясне,

Покуль срэбны смех гучаў над вадой,

Заміраючы ў тумане.

Замер дрозд, атуліўшы жонку крылом,

Дзе-нідзе ў дупле валтузня,

Лес ахутаны непрабудным сном,

Цішыня вакол, цішыня.

(пераклад з рускай Андрэя Хадановіча)

Ганна Севярынец

Выкладчыца, даследчыца

Балада пра архангелаў

Днём і ўначы і ранкам

Пошчак падкоў над зямлёй:

Гэта конныя скачуць архангелы

Па дарогах Зямлі маёй.

Бяздумныя, падшыя, светлыя,

Поўсць на німбах расце,

Замест сумлення — дубінка,

І замест сэрца — касцет.

Абыякава і бяздумна

Архангелы топчуць расу.

Невядома нікому на свеце,

Што яны людзям нясуць.

Невядома — турму або волю,

Невядома — дабро ці зло,

Але моўчкі чорныя птушкі

За імі ўстаюць на крыло.

Перад імі лунае гора,

За імі лунае жах,

Эмбрыёны крылаў, пагоны

Лунаюць на іхніх плячах.

Па дарогах зямнога шара

Крылатая скача раць,

І мёртвыя крылы не могуць

Да сонца ніводнага ўзняць —

Таму што на цяжкіх крылах,

Апушчаных змрочна ў імгле,

Ўссядае Гітлер на правым

І Сталін — на левым крыле.

Альгерд Бахарэвіч

Пісьменнік

Лісце

Восень прайшла пералескамі,

Па няголеным ржышчы ніў,

Чырвонымі арабескамі

Лісце лес ураніў.

Глянь на зямлю залатую,

Пяшчотную, сумную, чыстую,

Нехта па ёй вандруе,

Ў паветра ўзнімаючы лісце.

Струменьчыкам тонкім лісце.

Медзь на азёрах сплывае,

Сум у небе імглістым...

Як песня, з галін злятае

Лісце, лісце,

Залацістае лісце,

Сто лісцяў,

Дзесяць лісцяў,

Ліст.

Максім Жбанкоў

Культуролаг

Беларуская песня

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Ты — наш край.

Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Андрэй Жвалеўскі

Пісьменнік

На Беларусі Бог жыве

«На Беларусі Бог жыве» —

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод.

Тую праўду сцвярджае

Упартасць хваль,

І продкаў запавет,

І мовы залатая сталь,

І нашых дум сусвет.

Тую праўду сцвярджае

Ўсё зноў і зноў

Ўсім лёсам, —

Няхай спакваля, —

У хмарах дубоў,

У вясёлках агнёў

Купальская наша зямля.

І няхай давядзе мне

Іншая кроў,

Што брашу,

Як сабачы сын, —

А няма нідзе

Вярнейшых сяброў

І прыгажэйшых жанчын.

Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,

Гэты край —

Твой дом і сабор...

Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,

Адзінаццаць тысяч азёр.

Нам ёсць што піць,

З падмосткаў ліць,

Чым палі свае акрапіць,

А як давядзе, то ёсць нам дзе

І ворага ўтапіць.

І тая памяць жыве не ў царкве,

А ў кожнай жыве галаве:

«На Беларусі Бог жыве...» —

І хай сабе жыве.

А калі ён шле на нас кару і гнеў, -

Ну што ж, — мы з ім свае:

Ў вяршыні самых гонкіх дрэў

Маланка з неба б'е.

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў

Маланка ніколі не б'е.

І пра тое кожны пяе салавей

Росным кветкам у роднай траве:

«На Беларусі Бог жыве», —

І няхай да веку жыве.

Антон Рудак

Паэт, краязнаўца

***

Блякла-сіняе неба і чырвань галін.

Уздыхае ветрык. Спадае ліст.

Асцярожнае сонца з голых асін

Выпаўзае на ціхі сінічы свіст.

Ледзь хістаюцца ў небе галіны бяроз.

Лёг спакой на іржышчы. Гумённы дым.

Ярам рушыць павольна з дрывамі воз,

І сарока няспынна стракоча над ім.

У разведку за возам ляціць яна,

Трэба край адшукаць, дзе пякуць бліны,

Дзе кайстра, дзе ў ёўні жыве цеплыня,

Дзе заснула сытасць да новай вясны.

Наста Карнацкая

Кніжная аглядальніца

Васілю Быкаву

Час стагоддзі, як касой, сцінае,

Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...

Ўсё мінае — Гонар не мінае,

Бо народжаны адным сумленнем.

Калі сонца выб’ецца з туману,

Толькі іх і ўспомніць хор народаў,

Воінаў сваіх, святых і зраненых,

Рыцараў сумлення і свабоды.

19 чэрвеня 1984 г.

***

Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць,

Дагарае ўначы маё сэрца...

Ты дала мне імгненнае шчасце,

Я табе даў за гэта — бяссмерце.

І калі ты падзякаю, болем

Азарыла мне прорвы сусвету,

Я сказаў:

«Больш, напэўна, ніколі

Мы на свеце не ўбачымся гэтым.

І табе — хай нас людзі рассудзяць —

Я зайздроснай аддзякую доляй:

Ты — ніколі — мяне не забудзеш,

Ты мяне не пабачыш — ніколі.

Ў ноч самоты, і ў цемры магілы

Будзе смага адна тваёй доляй:

Ты забыць мяне будзеш не ў сілах,

І са мною... ніколі.

Ніколі.

Вера Жыбуль

Паэтка

Сяргей Кавалёў

Драматург

Заяц варыць піва

Туман плыве з нізіны сівы

Над нівай голай і пустой.

"Глядзіце, заяц варыць піва«,—

Жартуюць людзі між сабой.

А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трыгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню.

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае набок.

І піва заяц зварыць густа,

А на закуску — бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок.

З зайчыхай вып’юць па маленькай

І дзеткам трошкі паднясуць,

Пужлівым галаском таненькім

«Цвіцела морква» завядуць.

Пабачыш — не гані з абсады,

Дай хоць на гэты дзень спакой,

Павінна ж быць і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.

Віктар Жыбуль

Паэт

Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі

Бог глядзеў на Беларусь з нябёсаў,

На жывых і мёртвых ягамосцяў,

На ўсе кальварыі і росы

І павольна закіпаў ад злосці.

«Што там робіцца, ядры іх мову? —

Закрычаў ён у страшэнным гневе.—

Быў там нейкі Ванька — стаў Ваньковіч,

Быў там нейкі Міцька — стаў Міцкевіч.

З гонарам, нібы у Радзівіла,

Швэндаецца ў свеце пан Bowdzillo,

І ў шляхту точацца без мыла

Baran, Kozell, Piottuch і Pedrillo.

(Сто гадоў хавае ў торбе шыла

Пан Дэконт. А ўсё чуваць, васпане:

«Ты Дэконт? Пся крэў, а дзе кабыла?!

І дзе конь, пся маць тваю, галгане?!»)

Ў Сталіны там пнецца кожны Юзік,—

Быў там нейкі Сенька,— стаў Сянкевіч...

І адзіны, хто не прэцца у французы,—

Гэта безумоўна Караткевіч.

Гэты свой: ні ў ляхі, ні ў кацапы.

Ведае, што хтось з ягоных продкаў

Ці азадкам быў крыху куцапы,

Ці вумом, ці чым яшчэ кароткі».

10 верасня — 12 кастрычніка 1980 г.

Літаратура
Беларусь
XX стагоддзе
Уладзімір Караткевіч