Дзе жывуць душы беларусаў | Wir.by
Што агульнага паміж нашымі прапрадзядулямі ды хатнікам, якое дачыненне мае цяжарнасць да столі, чаму на Дзяды выганялі з лазні і як гэта ўсё тычыцца душ беларусаў.
czarnyszou
Яўген Чарнышоў

Дзе жывуць душы беларусаў

Лакацыя № 1

Хата

Збольшага беларусы лічылі, што душы продкаў (іх называлі дзядамі) пасля смерці застаюцца жыць у межах хаты. Размясціцца ўсе гэтыя прывіды маглі ў некалькіх месцах.

Печка і пячны слуп

Печка ў беларусаў была сакральным цэнтрам хаты і ўвасабляла культ агню. Добрая печ азначала дабрабыт. Кафляная печ лічылася асаблівым шыкам: такая не толькі прыгажэй выглядае, але і даўжэй трымае цяпло.

Лічылася, што родзічы пасля смерці апякуюцца домам. Таму не дзіўна, што дзядам пад іх бесцялеснае існаванне аддавалі ў хаце такія значныя месцы, як падпечак (адтуліна пад печкай, дзе найбольш цёпла) або пячны слуп.

Пячны слуп – гэта самая галоўная частка печкі. Апроч іншага, ён называўся дзед, што таксама падкрэслівае сувязь слупа з культам памерлых (часам яго нават знешне рабілі падобным да чалавека). Логіка была досыць простай: хатай і гаспадаркай апякуюцца душы продкаў, пячны слуп – гэта цэнтральны слуп дома, галоўнае апірышча хаты. Значыцца, тут, пад пячным слупом, і павінен жыць хатні бог-продак. У такім выпадку ён падтрымлівае дом як у пераносным значэнні – дапамагае ў гаспадарцы, так і ў літаральным – трымае на сабе галоўны слуп будынка.pechka.jpg

Паколькі ў адной хаце маглі жыць досыць доўга (100, 200, 300 гадоў), а ўсіх памерлых прапрапрадзядуль і прапрапрабабуль не запомніш, то на змену богу-продку прыходзіць хатнік – ён жа дамавік, гаспадар і падпечнік. Яго ўяўлялі як барадатага сівога дзядка. Як відаць з апошняга імені, дамавік мог жыць у запечным куце, у падпеччы або пад усё тым жа пячным слупом. Апроч жытла, хатні дзядок атрымліваў у спадчыну і працу бога-продка – дапамагаў у гаспадарцы.

Гарышча

Духі маглі мясціцца і на гарышчы. Мёртвыя продкі і тут клапаціліся пра жывых нашчадкаў. Так, калі ў хаце нараджала жанчына, то знахарка, якая прымала роды, стукала доўгай мятлой у столь, каб духі дапамаглі парадзісе.

paddasha.jpg

Парог

pagog.jpgПаколькі праз дзверы ўваходзілі ў дом, да цёплай печы, і выходзілі ў патэнцыйна варожы свет, то парог у найбольшай ступені сімвалізаваў сабой мяжу паміж жыццём і смерцю.

Беларусы верылі, што праз вокны і дзверы ўваходзіць і выходзіць душа. Пад парогам нават хавалі дзяцей-нябожчыкаў. Калі з хаты выносілі труну, то тройчы лёгка стукалі ёй аб парог – каб вытрасці душу.

Раней уваход у хату спецыяльна рабілі ніжэйшым за чалавечы рост, каб кожны, хто пераступаў парог, не забываў пакланіцца продкам. Пры гэтым на сам парог наступаць было нельга.

Лакацыя № 2

Могілкі

«Людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць». Можна меркаваць, што падобным чынам ва ўяўленні беларусаў паводзілі сябе і душы нябожчыкаў: дзе пахаваныя, тое месца і любяць найбольш. Як людзі пры жыцці жылі ў вёсках і сёлах, так іх душы пасля смерці збіраліся на могілках і стваралі там паселішчы.mogilki.jpg Аднак не ўсе духі жылі ў паселішчы мёртвых. Былі таксама і прывіды непрытомнікі. Імі рабіліся душы чарадзеяў, нехрышчоных дзяцей і самагубцаў, якія не маглі трапіць у іншасвет і ператвараліся ў русалак, ваўкалакаў і іншых нячысцікаў «ніжэйшага рангу». Каб адагнаць гэтых прывідаў, нанач хрысцілі вокны.

Больш за непрытомнікаў асцерагаліся беларускага палтэргейста – «прыблуднага» хатніка. Калі «свой» дамавік дапамагаў гаспадарам дому, то гэты чужынец толькі шкодзіў, за што нават атрымаў мянушку гвалтоўнік. Каб прагнаць такога госця, ужывалі вербальную магію – замовы і заклінанні.

Лакацыя № 3

Іншасвет

Да прыходу хрысціянскай традыцыі з падзяленнем іншасвету на пекла і рай, паводле ўяўленняў беларусаў, душы траплялі ў вырай. Аднак і пазней хрысціянская традыцыя не перашкодзіла душам продкаў прыходзіць у госці да нашчадкаў.

dzjady.jpgТакое наведванне адбываецца на Дзяды. Гэтае свята мае шмат назваў і адзначаецца ў розны час. Звычайна гасцяванне духаў прыпадае на пачатак лістапада, калі зямля ўмоўна памірае.

На Дзяды наводзілі парадак на могілках, у хатах і на двары. Перш чым сустракаць бесцялесных гасцей, беларусы мыліся ў лазні. Пры гэтым у лазні пакідалі крыху вады і венік для дзядоў. Калі нехта заседжваўся, яго падганялі, каб і продкам даў памыцца.

Галоўным момантам свята была ежа – памінальная вячэра. Перад яе пачаткам гаспадар клікаў продкаў на вячэру, адчыняючы вокны і дзверы. Колькасць страў і спіртнога была рознай. Аднак колькі б ні елі-пілі, абавязкова накладалі і налівалі для продкаў. Пра іх жа збольшага і размаўлялі.

Міфалогія
Беларусь
Даўней