Уладзімір Дубоўка: ГУЛАГ і санеты Шэкспіра | Wir.by
Паэт, празаік, перакладчык, мовазнаўца, які на 27 гадоў быў выкраслены з літаратуры.
siewiaryniec
Ганна Севярынец

Уладзімір Дубоўка: ГУЛАГ і санеты Шэкспіра

Калі ўзнікне ідэя зняць беларускі нацыянальны блокбастар, героем гэтай стужкі стане Уладзімір Дубоўка. Напэўна, больш адпаведнай асобы ў нас на сёння няма. Дубоўка – класік айчыннай літаратуры, паэт, празаік, перакладчык, мовазнаўца. Але пра мовазнаўцаў не здымаюць фільмы.

Уладзімір Дубоўка. 1925 (1).jpgУладзімір Дубоўка. 1925 год.Ён меў незвычайны лёс: хлопец з падвіленскай вёскі Манькавічы, апынуўшыся ў Маскве, стаў студэнтам Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытута імя Валерыя Брусава, пасля сакратаром кабінета паэтыкі пры ім, быў улюбёным вучнем Брусава. Дубоўка быў супрацоўнікам першага пастпрэдства БССР пры ўрадзе РСФСР, 10 гадоў адпрацаваў у Крамлі, ва ўрадавых кабінетах.

З 1930 года Уладзімір Дубоўка быў выключаны з гісторыі літаратуры на 27 гадоў. Ён мае чатыры судовыя выракі, тры высылкі, адзін лагерны тэрмін. Гэта адзіны з паэтаў свету, які пасля такой паўзы вяртаецца ў літаратуру. Прычым вяртаецца ў літаратурны авангард чалавекам, які, маючы амаль 60 гадоў, здольны заняць у літаратуры першае месца. Вяртаецца і перакладае санеты Шэкспіра.

Уладзімір Дубоўка стаў легендай яшчэ пры жыцці. Напрыканцы 1950-х гадоў, калі ён вяртаўся, па ўсім Менску ішла пагалоска: «Дубоўка вярнуўся!». З тых, каго выслалі ў 1930-х, вярнуўся толькі Дубоўка, застаўшыся незламаным. Гэта было вельмі важна, таму што у 1930-я гады менавіта Дубоўка быў паэтам, які фарміраваў літаратурны трэнд, абагульняў папярэдніх літаратараў і распачынаў новую эпоху. Янка Купала аднойчы публічна сказаў яму, маладому на той момант паэту: «Ты – Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін».

Кнігі Дубоўкі былі знішчаныя з бібліятэк, у тым ліку і прыватных, ліквідаваныя са школ. Людзі баяліся хаваць у сябе зборнікі Дубоўкі. Датуль яго кнігі былі амаль у кожным доме, бо папулярнасць Дубоўкі сярод беларускіх чытачоў можна параўнаць з папулярнасцю Ясеніна ў Расіі.

Нягледзячы на 27 гадоў, праведзеных у пакутах, у маўчанні, ва ўмовах, у якіх шмат людзей зламалася, Дубоўка застаўся чалавекам найвышэйшых маральных якасцяў. Гэта амаль адзіны беларускі паэт таго часу, якому немагчыма прад’явіць абвінавачванняў. Дубоўка пад катаваннямі не напісаў ніводнага даносу, паклёпу, ніводнага слова, якое магло б каму-небудзь пашкодзіць. Хаця ў яго былі ворагі, людзі, якіх ён вельмі не любіў, да якіх ставіўся без павагі. Напрыклад, вельмі складанымі былі адносіны з Цішкам Гартным. І калі Гартнага пераследавалі падчас судовага працэсу 1937 года, у Дубоўкі папрасілі напісаць на яго якую-небудзь паперу. Але Дубоўка адмовіўся, хаця ведаў, якія наступствы магло мець такое рашэнне.

Уладзімір Дубоўка з сынам Альгердам і маці у высылцы ў Чабаксарах. 1935.jpgУладзімір Дубоўка з сынам Альгердам і маці ў высылцы ў Чабаксарах. 1935 год.Лагерны тэрмін Дубоўкі доўжыўся дзесяць гадоў – з 1937 па 1947. Гэта былі самыя страшныя гады ў сталінскіх лагерах, бо з пачаткам вайны ў 1941 годзе зэкаў перасталі карміць, яны павінны былі самі здабываць сабе ежу. Людзі, якія былі з Дубоўкам у лагеры ў Бірабіджане, казалі, што побач з ім лёгка было застацца чалавекам, таму што ён патрабаваў, напрыклад, чысціць зубы кожную раніцу. Умывацца. Мыць рукі. Заставацца чалавекам нават у дробязях.

Перажыты лёс адлюстраваны ў паэзіі Дубоўкі. Чытаць вершы можна па-рознаму, маючы пры гэтым розныя мэты. Але калі гаворка ідзе пра тое, што мы як нацыя павінны мець унутраны стрыжань, падмурак, на якім мы стаім, нейкую зямлю пад нагамі, то гэтай цвёрдай зямлёй, якая ніколі не здрадзіць, можна назваць творчасць Уладзіміра Дубоўкі.

Літаратура
Беларусь
Мінск
СССР
БССР
1930-я
1920-я
XX стагоддзе
1960-я
Уладзімір Дубоўка