Wir.by | Галасы жніўня
Беларускія вершы, якія з'явіліся пасля трагічных падзей 9-11 жніўня. Тое, пра што нельга забываць і пра што цяжка, але неабходна гаварыць.
Малюнак - Андрэй Ціцяк.
Галасы жніўня
Галасы жніўня

Ганна Комар

Хутчэй бы ўсё гэта скончылася

ноч на аўтадазвоне

гудкі — як дручкі, спачатку,

тады — як гумовыя кулі

усе на аднаго

130, 131 — нарэшце працяжны,

як да ранку тварам у бетон

як непрытомнасць, з якой вырывае

новы ўдар

як трое сутак без ежы

няма адказу на ўсе нашы

белыя кветкі

чырвоныя сэрцы

чалавечае цела і памяць

вытрымліваюць траўмы,

несумяшчальныя з верай у лепшае

пераймяноўваем колеры на

«страх», «трывогу», «жалобу»

«супраціў», «чаканне», «надзею»

калі ўсё гэта скончыцца

я дапамагу табе пафарбаваць

гэтыя голыя сцены

11 жніўня 2020

Кацярына Глухоўская

Галасы Беларусі

Намалюю карціну з зубрамі,

Каб вы знялі свае забралы.

Каб толькі не забіралі,

Не адымалі

маю маму,

майго сябра,

майго мужа,

майго брата,

майго тату,

маю сястру,

маю дачку хросную,

майго ненароджанага сына,

мае кветкі пажоўклыя,

мае парасткі сноў.

Каб не білі ў спіны.

Адмалюю маю Беларусь,

Адмалю яе

Словамі, якіх мала

Слабому сэрцу,

Магутнаму Божа.

Адмыю яе, быць можа,

Ад чорных слядоў,

Ад армейскіх ботаў.

Каб набела напісаць: «Беларусь жыве!

Прыгожа, прыгожа, прыгожа

Мая Беларусь жыве.

А ты як маешся?» —

І дасылаць паштоўкі ў белых капэртах

З усмешкамі на ўсе адрасы,

І ведаць, што маем годнасць.

Свае галасы

Ўзнімаць, не галосячы

З болю ці гневу,

А для спеваў.

13 жніўня 2020

***

Выламаныя дзверы,

Дзверы, выбітыя з нагі.

Адзначаю ў памяці,

Здымаю з петляў агі-

ды,

Ды

Пятляю па сходах,

Па гіпакампавай лесвіцы

Ўніз.

Дзверы, што мы пакінулі

Для суседзяў і мінакоў,

Іх адчаю адчыненымі,

Чыімі

Будуць?

У чый дом вядуць?

У чый сад,

Валадарства бязмежнае?

Чыю бяду

Хаваюць у прыцемках,

Чые кветкі

Бароняць ад цемры

На двух нагах,

На сотнях

Гумовых ног?

Кажуць, на чорных соднях

Пінаюць нашыя сэрцы,

Ступаюць на снежнаягаднік,

Слухаюць лускат іх.

Кажуць, што там звяры

Апрануліся ў людзі,

Выйшлі з сябе.

Выйшлі за межы

Закона — і чалавечага,

І не.

Бачу, муры растаюць

І растуць

Стагоддзямі.

Бачу, знаходзяцца

Людзі і дзверы

Зламаныя і адкрытыя.

Вочная, не на веру,

Нязмерная

Розніца паміж імі.

14 жніўня 2020

Міхаіл Дубакоў

Окрестина

За колючей стеной забора

открывается ночью дверь,

открываются коридоры,

четко строится ряд зверей.

Под ударами пляшут песни,

разрывной государственный гимн.

Мы запомним его, и вместе

министра отблагодарим.

За то, что пока не убили.

За то, что не по лицу.

За то, что не боевыми.

За то, что еще не в лесу.

За то, что пока не женщин.

(извините, ошибка, отбой)

За то, что осталось меньше

не готовых броситься в бой.

За «доблесть», «честь» и «отвагу».

За правду и кровь перемен.

Господа, подпишите бумагу,

отойдите от рухнувших стен.

Господа, вы давали присягу.

Посмотрите народу в лицо.

Посмотрите на белые стяги.

Посмотрите на ваше кольцо.

За колючей стеной забора

расплетается власти груз.

Там кричит и стоит в упоре

окровавленная Беларусь.

14 жніўня 2020

Галіна Сіўчанка

Калі ласка

«Калі ласка, біце!

Біце мяне па нырках,

у вачніцах маіх гасіце свае недапалкі,

кулямі,

кулямі

рабіце мне ў целе дзіркі

і — куды вам захочацца! — ўстаўце палкі.

Калі ласка, зламайце мне шыю, пальцы,

пазваночнік зламайце, ногі... Спыніце сэрца.

Электрычнасьць пусьціце ў мозг праз даўгое джальца,

дайце мне захлынуцца крывёй ад удару бэрцам!

Калі ласка...

пастаўце, пастаўце мяне на калені

ля бэтоннай сьцяны, ля бяздоннай разрытай ямы.

Так, свабода — гэта нявольніцтва, рай — глумленьне!

Задушыце абрыдлы голас смуроднай плямы,

калі ласка!..»

— ты ў пекле будзеш прасіць расплаты,

і твайму невыноснаму болю канца ня будзе,

і ніхто не кране, ня кіне цябе за краты,

бо ў пекле — запомні, погань! —

таксама Людзі!

18 жніўня 2020

Усевалад Сцебурака

Рабоў не чакаюць ў раі

Рабоў не чакаюць ў раі.

Рабоў чакаюць пакуты.

Не рабству Той вас вучыў,

што быў да крыжа прыкуты!

Рабоў не ўшануюць у раі.

У рабстве няма геройства.

Там роспачы па краі

і лёзы згрызотаў гойстрыя!

Рабоў не ўспомняць пасьля.

На трызьне ўзгадаюць сьмелых.

Ім будзе лягчэй зямля

ад пёраў анёльскіх белых!

Рабы не пакінуць сьлед

на гэтых шляхах адвечных.

Ім не адгукнецца сусьвет,

і зоры на шляху млечным...

19 жніўня 2020

Кацярына Самігуліна

***

падают листья с деревьев правительств, не давших плода — кроме

окровавленного комка надежды,

отбитой почки ужаса,

разорванной матки правды.

отпадают листовки заводов

с анчаров насилия,

с окрестин, застывших у нас в изголовьях:

статуи-мясорубки, неживые мраморные ростки — камнепадом

на юных тел торжество.

погребение в центре города,

разъездной мемориал зверства.

мы никогда не были против,

мы — ЗА:

ЗА ОТСТАВКУ КРОНОСА, ЖРУЩЕГО НАС И ВРЕМЯ

ЗА ГОЛОС, КОТОРЫЙ РОДИЛСЯ (НО МУКИ РОДОВ ВСЁ ДЛЯТСЯ И ДЛЯТСЯ

НЕВЫНОСИМО)

ЗА ПРАВО ХОДИТЬ ПО ЗЕМЛЕ, НЕ ПАЧКАЯ НОГИ

В КРОВАВЫХ ЛУЖАХ, НАТЁКШИХ ИЗ НАШИХ СЕСТЁР И БРАТЬЕВ

ЗА ТО, ЧТОБЫ СТОН ИЗ ЗАСТЕНКОВ

СТАЛ ВЗДОХОМ СВОБОДЫ

ИЗ ТЫСЯЧ ДЫШАЩИХ ЛЁГКИХ —

лёгких тяжёлых, их вес нашим жизням равен,

а в чаше напротив —

СПЛОШНАЯ И _НЕВЕСОМАЯ_ СМЕРТЬ.

в этом августе —

посреди убитых живых, живых избитых,

под взглядами мертвецов, говорящих с тв-экранов,

посреди насилия, солидарности, радости, горя —

в этом августе вспыхнувшего огня

опадают листья правительств,

года закрывавшие небо,

и мы видим небо впервые,

И МЫ ЛЕТИМ

19 жніўня 2020

Артур Камароўскі

***

твая самая чаканая цяжарнасць

напрыканцы лета

пасярод Еўропы

мы чакалі

калі адыдуць воды

гладзілі твой вялікі жывот

сваімі маленькімі рукамі

захіналі ў вялікія сцягі

слухалі

як унутры варушыцца будучыня

і мкнецца ў цяпер

мы баяліся

што яна будзе кволай

што будзе нягеглай

і яе не возьмуць у садок

яна не пойдзе ў школу

як іншыя дзеці Еўропы

што чакае яе замужжа і нялюбы муж

такі як наш бацька

што яна

самая малодшая ў нашай сям'і

ніколі не зведае шчасця й любові

тым вечарам неба —

наша бабка-павітуха —

надзела чырвонае з белым

каб узяць твой боль

самыя цяжкія твае роды

ты плакала

губляла прытомнасць

ачуньвала

але нараджала будучыню

мы стаялі вакол

усе твае дзеці

а бацька ў шаленстве хапаў нас

збіваў

і кідаў у турмы

ён хацеў і далей валодаць табой

мы трымаліся

трымалі твае вялікія рукі

чакалі

і жнівеньскім вечарам

будучыня нарадзілася жывой

і закрычыла

19 жніўня 2020

Крысціна Бандурына

Інструкцыя па размазванні чалавека

Ваш галоўны інструмент — гэта страх.

Страх болю мацнейшы за сам боль.

Калі вы кіруеце іх страхам, вы кіруеце імі.

Адбярыце ў іх голас, прымусьце заткнуцца.

Калі крычаць — біце. Біце мацней

за іх крыкі.

Цемра, чорная ўніформа, інфармацыйная блакада,

засады ў дварах, выбухі, кулі,

дэзінфармацыя, раскол, парады спецтэхнікі,

сінякі, пераломы, ЧМТ,

добра бы пару жмуроў — але не болей,

потым не супакоіце,

што-небудзь «выпадковае»:

самаробная граната, сардэчная недастатковасць, суіцыд.

Чым болей страху, тым больш цішыні.

Браць усіх.

«Стакан», «баня», расцяжка, карцар,

выпраўленчая праца з дручкамі —

навучыце іх любіць радзіму правільна.

Страх болю мацнейшы за сам боль.

Кожны гіпатэтычны ўдар больш балючы

за рэальны.

Тэлефоны, тэлеграмы, каналы,

іх саплівыя перапіскі з мамкамі,

сувязь з арганізатарамі...

Трымайце іх голымі,

палкі з гандонамі напагатове,

калі выёбваюцца — пускайце ў ход.

Аніводная сука потым не выйдзе.

Ніякай дапамогі. Ніякай літасці.

Яны нас не пашкадуюць.

Кіньце ім, як сабакам, кавалак хлеба на ўсіх,

каб перагрызліся.

Піць таксама не даваць.

І трое сутак без парашы —

паглядзім тады на абасраных кароў.

А калі выпускаеце — квітанцыю ў зубы:

хай плацяць

за сваю свабоду,

калі яна была ім патрэбная

такой.

20 жніўня 2020

Наста Кудасава

***

Тут кожны баіцца прызнацца, што страціў кагосьці,

што больш немагчыма без жаху ступаць па зямлі:

сасновыя шышкі трашчаць пад нагамі, як косці,

як берцы забойцаў, чарнеюць у травах камлі.

А ў небе — нябесныя сотні, нябесныя шэсці…

А з неба скрозь слёзы, абняўшы нябесны штурвал,

глядзіць ашалелы ад роспачы лётчык Акрэсцін:

«Усё

пазабыта.

Нікога

не

ўратаваў».

20 жніўня 2020

Вольга Гронская

***

Голас –

парваны ў пыл разам з тонкай паперай,

сарваны болем і немым крыкам,

вырваны з горла дубінкай кáта,

ператвораны ў галашэнне,

у сіні роспіс на голай спіне –

можа вярнуцца.

Калі ты падымаешся па прыступках

уласнага страху

спяваць пра Пагоню,

калі надзяваеш Пагоню на грудзі

і гуляеш па горадзе,

пагоні не баючыся.

Голас вяртаецца

ў мове тваіх фотаздымкаў,

у словах на ватмане,

гуках ахрыплых клаксонаў,

у хвілінах маўчання.

У запараным кубку гарбаты –

для таго, хто гаворыць.

Голас вяртаецца

новым і моцным,

глыбокім і цвёрдым,

дарослым,

сапраўдным

і болей не будзе ламацца.

Адчуванне гонару,

пачуццё годнасці,

прага праўды і справядлівасці –

найлепшыя ў свеце

фаніятры і

пастаноўшчыкі

Голасу.

24 жніўня 2020

RSS-стужка
Распавесці пра нас усім
Дапамагчы нам
Калі вы знайшлі памылку, у вас ёсць заўвагі па сайце або вы жадаеце дапамагчы нам, калі ласка, напішыце на help@wir.by
© Wir.by, 2020. Падчас капіравання і цытавання нашых матэрыялаў, калі ласка, не забывайцеся пазначаць першакрыніцу, адкуль вы атрымалі інфармацыю.