25 красавіка 1991, Іван Шамякін | Wir.by

25 красавіка 1991

Іван Шамякін

Іван Шамякін

Не помню, па чыёй п'есе была прэм'ера ў брэсцкім тэатры – па маёй ці Андрэевай [Макаёнка]. Магчыма, «Сэрца на далоні», ix спектакль стаў падзеяй.

Пасля прэм'еры Андрэй загарэўся жаданнем паглядзець Белавежскую пушчу, ні разу не быў там. А я наведваўся i пазнаёміўся з дырэктарам пушчы Раманавым Уладзімірам Сяргеевічам, маім земляком, цікавым, мужным чалавекам: інвалід вайны, без адной нагі, ён быў i добры гаспадар, i вучоны, i паляўнічы адменны, навучаў там усё начальства паляваць. A былі там тузы – неаднойчы Хрушчоў, пасля Брэжнеў, натуральна, усе нашы – Мазураў, Машэраў, Кісялёў, «народныя дэмакраты» – i Гротэваль, i Хонекер, i Гамулка, i Герэк, i Кадар (па словах Раманава, найлепшы паляўнічы, прафесіянал), i Жыўкаў, i Фідэль Кастра; неафіцыйныя сустрэчы, пра якія рэдка i скупа паведамляла прэса, адбываліся там. Раманаў мне трохі расказваў пра гэтых людзей, i ў Андрэя «гарэў зуб» пачуць расказы з першых рук.

Дырэктар тэатра завёз нас у пушчу. Размясціліся ў Камянюках у гасцініцы, тады яшчэ новай, добра ўгледжанай, з добрым рэстаранам, з фірменнымі стравамі – кілбасы з дзіка, журавіны i іншае. Во як жылі ў пачатку застойнага часу! Пазванілі Раманаву на кватэру. Раіса Іванаўна аддала пісьменнікам большую ўвагу, чым Брэжневу: знайшла мужа недзе ў лясніцтве.

Уладзімір Сяргеевіч з'явіўся з аператыўнасцю, з якой, можа, не з'яўляўся да высокага начальства: мы цікавыя для яго былі гэтак жа, як i ён для нас. Пакуль знаёміліся, у суседнім нумары, па яго заказе, накрылі стол, думаю, не горшы, чым накрывалі Гамулку ці Кадару.

Прыйшла Раіса Іванаўна, прывабная жанчына, рагатуння, вастраслоўка, як i муж, я пільнаваў Андрэя, каб не пачаў фліртаваць, спрыт на гэта ў яго быў незвычайны, i жанчыны проста ліплі да яго. Не, у Андрэя быў іншы інтарэс. Яны вельмі хутка паразумеліся – ён i Раманаў, родныя душы – гумарысты, веселуны, выпівакі, выдатныя расказчыкі. Расказы Раманава пра «вярхоўных» варта было б запісаць – цяпер, з сучасных пазіцый.

Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Чым пах дарэвалюцыйны Мінск?
Мінск (або ўсё ж такі Менск?) — горад з дваістай, няўлоўнай сутнасцю, бо яго аблічча пастаянна змяняецца: яго руйнавалі, перабудоўвалі, перадавалі з рук у рукі, ён гаварыў на самых розных мовах. Чалавек з ХІХ стагоддзя, апынуўшыся тут і цяпер, з цяжкасцю пазнаў бы Мінск, а нашы сучаснікі згубіліся б у горадзе канца ХІХ стагоддзя. У гэтым артыкуле паспрабуем перанесціся ў часе ды ўявіць сабе карціну дарэвалюцыйнага губернскага горада Менска з дапамогай самага моцнага каталізатара ўспамінаў — пахаў.
Кацярына Парыжаская
Чытаць артыкул